RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 4 Верасьня 2000

Сёньня



Заводзкі суд Менску завяршыў паўторны разгляд справы наконт працаўладкаваньня актывіста Свабоднага прафсаюзу Міхала Марыніча. Прадстаўнік дэмакратычных прафсаюзаў атрымаў дазвол на працу рабочым Менскага аўтазаводу.

Судзьдзя Алег Каляда абвясьціў сёньня, што патрабаваньне Свабоднага прафсаюзу мэталістаў працаўладакаваць Міхала Марыніча сьлесарам-мэханазборшчыкам МАЗу законныя і абгрунтаваныя. Паводле судовага выраку, адміністрацыя аўтазаводу ня мела ніякіх юрыдычных падставаў адмаўляць Марынічу ў прыёме на працу.

Між тым, спатрэбілася пяць месяцаў і каля дзясятка судовых паседжаньняў, каб актывісту дэмакратычных прафсаюзаў была дадзеная магчымасьць зарабляць сабе на кавалак хлеба. Разам з тым, суд адхіліў другую частку пазову Свабоднага прафсаюзу — патрабаваньне да адміністрацыі аўтазаводу матэрыяльна кампэнсаваць Марынічу працяглы вымушаны адпачынак і зьвязаныя з гэтым маральныя выдаткі.

Няўжо МАЗ ня мае зараз патрэбы ў працоўнай сіле й найперш кваліфікаваных рабочых? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, Міхал Марыніч зазначыў:

(Марыніч: ) “МАЗу рабочыя трэба. Ім ня трэба людзі, якія будуць актыўна адстойваць сваю пазыцыю і актыўна абараняць ня толькі сябе, але і іншых людзей. Для мяне важна, што я змагу легітымна вярнуцца на працу. Час мяняецца. Нешта ў працы трэба мяняць, але і трэба больш рашуча дзейнічаць. Вынік будзе. Эканамічнае становішча пагаршаецца, і растлумачыць людзям, чаму так адбываецца – наш абавязак. Калі людзі гэта зразумеюць, яны пойдуць за намі сотнямі і тысячамі. Асноўны сродак – праца з кожным асобным чалавекам. Рабочы рух на Беларусі залежыць ад працы першасных арганізацыяў”.

— мяркуе Міхал Марыніч.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org