RFE/RL |
Панядзелак, 4 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 3 верасьня) У старажытным Заслаўі сьвяткуецца Дзень беларускага пісьменства. Сьвята распачалося з раніцы сьвяточным богаслужэньнем ў Спаса-Прэабражэнскай царкве і хросным ходам, у якім браў удзел Патрыяршы Экзарх Філарэт. Сёньня Заслаўе таксама наведала вялікая колькасьць беларускага чыноўніцтва на чале з кіраўніком лукашэнкавай адміністрацыі Міхалам Мясьніковічам. Арганізатары сьвята ўпершыню пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году афіцыйна запрасілі беларускіх літаратараў узяць удзел у сьвяткаваньні Дня беларускага пісьменства. Але з 25 запрошаных прыехалі толькі пятнаццаць. Урачыстасьці прайгнаравала значная колькасьць пісьменьнікаў дэмакратычных поглядаў — Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў ды іншыя. Гэтую сытуацыю камэнтуе Вольга Іпатава, якая ўзяла ўдзел у сьвяткаваньні. (Іпатава: ) “Апошнімі гадамі было так, што сьвята пісьменства і друку абыходзілася ўвогуле цалкам без пісьменьнікаў. Называлася сьвята пісьменьніцтва і друку, а на сцэне былі артысты, былі скокі пастаянныя, і, па-сутнасьці, гэта значыла выцясьненьне беларускага слова, у той час як фасад як бы беларускасьці захоўваўся. Аднак, я баюся, каб гэта не ператваралася зноў жа ў параднасьць, таму што вось ехала я зараз на сьвята – там дзе была крама, там стаіць ужо “Магазин”. Значыць, рыхтуючыся да сьвята, зьнялі беларускае слова “крама” і паставілі рускае “магазин”. Дзе ж сэнс сьвята? Вось гэта турбота прысутнічае. Мы робім усё магчымае, каб нейкім чынам у грамадзтве зафіксаваць і ўзмацніць беларускае слова”. Гаварыла Вольга Іпатава. На кніжных і прэсавых выставах, якія працягваюць сваю працу і зараз, не прадстаўленыя беларускія незалежныя выданьні. Побач з Гарадзкім выканкамам на рынкавым пляцы, дзе разьмясьціліся асноўныя кампазыцыі, узвышаецца помнік Леніну. Напярэдадні сьвята пастамэнт пафарбавалі ў белы колер. Ганна Соусь, Заслаўе
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |