RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 4 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 3 верасьня)
Зьезд АГП прыняў рашэньне пра ўдзел у кампаніі актыўнага байкоту выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” і пачатку перамоваў пра адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі ў выбарах прэзыдэнта ў 2001 годзе. Насуперак чаканьням расколу, сябры АГП памяркоўна вырашылі некалькі ўнутраных спрэчных пытаньняў адносна ўделу ў выбарах Уладзімера Навасяда й пагрозы Багданкевіча пакінуць шэрагі АГП.

Другая сэсія пятага зьезду Аб’яднанае Грамадзянскае партыі прыняла рашэньне адмовіцца ўдзельнічаць у арганізаваным уладаю выбарчым фарсе, і даручыла ўсім арганізацыям і сябрам партыі ў пэрыяд выбараў у “Палату прадстаўнікоў” удзельнічаць у кампаніі актыўнага байкоту й назіраньня за ходам выбарчага працэсу. Разам з тым, у рэзалюцыі зьезду падкрэсьліваецца, што партыя будзе супрацьдзейнічаць кандыдатам – прыхільнікам існуючага рэжыму.

Такім чынам, зьезд выявіў моцнае і канструктыўнае адзінства.

Хаця выбары ў лукашэнкавы “парлямэнт” сапраўды маглі выклікаць пэўны раскол сярод партыйных шэрагаў. Па-першае, стварыў сваю ініцыятыўную групу ў выбарах у “Палату прадстаўнікоў” лідэр маладзёвага крыла партыі Ўладзімер Навасяд. З-за гэтага частка дэлегатаў зьезду запатрабавала тэрміновага выключэньня Навасяда з партыі.

Намесьнік старшыні АГП Васіль Шлындзікаў у сваю чаргу заявіў пра адстаўку ў сувязі з тым, што больш маладзейшае крыло партыйнага кіраўніцтва адмовілася браць любы ўдзел у перадвыбарнай кампаніі і зрабіла стаўку выключна на актыўны байкот. Гэты сцэнар Шлындзікаў палічыў пройгрышным. Раней з падобнымі аргумэнтамі да ўдзельнікаў зьезду зьвярнуўся й ганаровы страшыня АГП Станіслаў Багданкевіч.

Аднак у выніку была ўхваленая памяркоўная рэзалюцыя, якая дазволіла Навасяду прыпыніць сваё сяброўства ў АГП на два месяцы, а Шлындзікава пераканалі не пакідаць карабель партыйнага кіраўніцтва. З адмысловым, у пэўным сэнсе, дыпляматычным зваротам зьезд выступіў і на адрэсу Станіслава Багданкевіча. Карацей кажучы, унутраныя праблемы былі вырашаныя інтэлігэнтна й прыгожа.

Што й падкрэсьліў старшыня АГП Анатоль Лябедзька на сканчэньне зьезду.

(Лябедзька: ) “Зьезд прадэманстраваў адзінства ўнутры Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Ёсьць погляды, ёсьць пазыцыі, але гэта не выходзіць за рамкі таго, што называецца АГП. Гэта абсалютна станоўчы фактар. Я гэта падкрэсьліваю, бо тая шуміха, што разгорнутая ў сродках масавй інфармацыі, яна штучная, за ёй нічога не стаіць”.

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

Старшыня Аб’яднанае Грамадзянскае партыі ў сваім выступе на зьезьдзе прапанаваў аб’яднанай апазыцыі актыўны байкот выбараў у “Палату прадстаўнікоў” разглядаць як пачатак падрыхтоўкі да кампаніі ў выбарах прэзыдэнта, паколькі толькі яны могуць зьмяніць у Беларусі ўладу. Дзеля гэтага АГП адмовілася нават ад вылучэньня ўласнага кандыдата й заклікала Каардынацыйную Раду дэмакратычных сілаў прыняць узгодненую праграму ў вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі. АГП прапанавала стварыць дзеля правядзеньня супольнае перадвыбарчае кампаніі ў выбарах новага прэзыдэнта шырокае грамадзкае аб’яднаньне за перамены.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org