RFE/RL |
Пятніца, 1 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Беларускія дакумэнталісты скончылі працу над публіцыстычным відэафільмам “Выбар”. Стужка зьнятая ў Польшчы. Асноўная ідэя фільму — выбар да эўрапейскага ладу жыцьця, які зрабіла польская супольнасьць. Як лічыць рэжысэр і аўтар сцэнару фільму Леанід Міндлін, “Выбар” хутчэй за ўсё, не дазволяць паказаць па беларускай тэлевізіі з-за празаходняй скіраванасьці. Сцэнарная ідэя фільму “Выбар” належыць Юрыю Валошыну, Уладзімер Андронаў зьяўляецца апэратарам стужкі, а Леанід Міндлін — рэжысэрам і аўтарам тэкста й сцэнара. На думку Міндліна, “Выбар” можна назваць публіцыстычным рэпартажам. Першапачаткова фільм быў прывязаны да пэўнае даты. У мінулым годзе палякі адзначалі 60 гадоў з пачатку захопу Чырвонай Арміяй гэтак званых «крэсаў усходніх» Польшчы, і з гэтае нагоды 17 верасьня на пляцы Незалежнасьці ў Варшаве адбылося вялікая імпрэза. Гэта зьяўляецца фармальнай канвою стужкі. Распавядае Леанід Міндлін: (Міндлін: ) “У нас лічаць, што НАТО – гэта вельмі кепска. Ніхто ня ведае матывы сапраўдныя. Таму адной з мэтаў фільму было адказаць на пытаньне, чаму ўсё ж палякі зрабілі выбар на карысьць НАТО. І гэты выбар вельмі просты – гэта выбар бясьпекі, выбар дабрабыту. Гэта фільм аб тым, што і нам трэба ўваходзіць у эўрапейскі дом, і нам трэба лічыць сябе часткай Эўропы”. Гэта быў Леанід Міндлін. Фільм “Выбар” здымалі ў Польшчы — у Варшаве, у розных злучэньнях Войска Польскага ды іншых месцах. У стужцы ёсьць размовы з палітыкамі, з вайскоўцамі, з простымі людзьмі Польшчы. Аўтары “Выбара” знайшлі й выкарысталі вельмі цікавыя кадры, зьвязаныя з падпісаньнем пакта паміж Молатавым і Рыбентропам, а таксама зь перамовамі паміж Сталіным, Рузвэльтам і Чэрчылям у Ялце, кадры, зьнятыя нямецкімі апэратарамі ў 43-м годзе на Катынскіх могілках. У фільме дэманструюцца супольныя парады Вэрмахту й Чырвонай Арміі, якія адбываліся ў 39-м годзе ў Берасьці. Спадар Міндлін распавёў нашаму радыё пра тое, што фільмам ужо зацікавіліся на расейскай тэлевізіі. Як мяркуюць аўтары стужкі, гэты фільм мае стаць цікавым таксама й для ўкраінскіх, і для балтыйскіх тэлевізіяў. Як нам стала вядома, днямі “Выбар” быў кімсьці паказаны новаму старшыні Беларускае тэлевізіі Віктару Чыкіну. Але, як распавёў спадар Міндлін, ён не даваў на гэтае дазволу. На ягоную думку, парушаная прафэсійная этыка. Нават, калі й будзе вырашана паказаць фільм, што наўрад ці, дык тэлевізійныя ўлады абавязкова зробяць купюры. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |