RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 1 Верасьня 2000

Сёньня



Сябры Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў прынялі сёньня на сваёй інфармацыйнай нарадзе рашэньне інфармаваць удзельнікаў Венскае тэхнічнае канфэрэнцыі пра распачатую ўладамі кампанію дэзінфармацыі грамадзянаў Беларусі ў пытаньні накіраваньня міжнародных назіральнікаў на выбары 15 кастрычніка.

На думку лідэраў аб’яднанай апазыцыі, прычынаю спэкуляцыяў уладаў у пытаньні накіраваньня на восеньскія выбары міжнародных назіральнікаў сталі неадназначныя і супярэчлівыя фармулёўкі выніковага дакумэнту тэхнічнае канфэрэнцыі. У розных пунктах гэтага рашэньня прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, якія павінны зьдзяйсьняць тэхнічны нагляд за падрыхтоўкаю да выбараў, называюцца або экспэртамі, або назіральнікамі.

Нягледзячы на тое, што ў заключэньнях і рэкамэндацыях тэхнічнае канфэрэнцыі гаворыцца, што прысутнасьць на восеньскіх выбарах тэхнічнае місіі прадстаўнікоў парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ й Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту ды іншых структураў не зьяўляецца актам міжнароднага прызнаньня іхных вынікаў, дзяржаўныя сродкі прапаганды ўжо пачалі сьцьвярджаць адваротнае. Маўляў, “фашыстоўская апазыцыя” цалкам прайграла, і міжнародныя назіральнікі будуць наглядаць за восеньскімі выбарамі ў поўным аб’ёме.

У гэтых варунках, прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі вырашылі інфармаваць міжнародныя арганізацыі пра тое, як трактуюць іхнае рашэньне, і як на ім спэкулюе афіцыйны Менск. Гаворыць удзельнік Венскае канфэрэнцыі, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Удзельнікі інфармацыйнай нарады пагадзіліся з тым, што беспрэцэдэнтная хлусьня вакол рэкамэндацыяў, якія былі выпрацаваныя на венскай тэхнічнай канфэрэнцыі, што гучыць праз усе каналы афіцыйнай інфармацыі, вымушае нас дзейнічаць вельмі энэргічна. Па-першае, даводзіць да нашага грамадзтва інфармацыю пра тое, што асноўная місія лукашэнкавага рэжыму і дэлегацыі на чале з Мартынавым не была выкананая, і міжнароднага назіраньня падчас выбараў у Беларусі ня будзе. Мы маем намер вельмі рэгулярна, пажадана штодня, інфармаваць тыя міжнародныя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў венскай тэхнічнай канфэрэнцыі, пра тыя парушэньні правоў чалавека, свабоды слова, якія адбываюцца ў Беларусі зусім ня ў меншым маштабе, чым гэта было да пачатку так званай выбарчай кампаніі”.

Паведаміў спадар Вячорка.

На думку лідэра партыі БНФ, Міністэрства замежных справаў Беларусі проста сфальшавала выніковы дакумэнт Венскае канфэрэнцыі, называючы групу тэхнічнай ацэнкі, якая прыедзе ў Беларусь афіцыйнымі назіральнікамі.

А лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што міжнародная супольнасьць дасьць сваю адэкватную ацэнку той дэзінфармацыі, якую распаўсюджваюць улады.

На думку ўдзельнікаў сёньняшняе нарады, беларускія ўлады абсалютна не выконваюць умоваў г.зв. “пэрыяду даверу”, абвешчанага Лукашэнкам. Так, Менскі гарадзкі выканкам забараніў правядзеньне ў цэнтры сталіцы 8 верасьня ўрачыстасьцяў, прысьвечаных Дню беларускае вайсковае славы, а Міністэрства юстыцыі сёньня вынесла чацьвертае папярэджаньне АГП — за нібыта “неправамоцнае разьмяшчэньне на партыйных блянках тэрміну “Рэспубліка Беларусь””.

Сёньня ж у Беларусі ў рамках байкоту выбараў мусіла была пачацца кампанія збору подпісаў грамадзянаў пад чатырма вядомымі патрабаваньнямі міжнародных структураў. Але, намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч паінфармаваў удзельнікаў нарады, што афіцыйны пачатак гэтае кампаніі пераносіцца на сераду, бо ўдзельнікаў ініцыятыўных групаў пакуль яшчэ ня цалкам забясьпечылі агітацыйнай літаратураю.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org