RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 1 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 31 жніўня)
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт разгледзеў абедзьве заяўкі на правядзеньне сьвяткаваньня Дня беларускае вайсковае славы, што былі пададзеныя групамі грамадзянаў, і прапанаваў заяўнікам іншыя мейсцы сьвяткаваньня.

Паводле рашэньня Менскага гарадзкога выканкаму, заяўнікі ад Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ могуць правесьці мітынг на пляцы Бангалёр, а не на пляцы імя Якуба Коласа. Там жа Юрыю Хадыку й Віктару Івашкевічу з партыі БНФ “Адраджэньне” дазваляецца ладзіць тэатралізаванае відовішча. Чыноўнікі Менскага гарадзкога выканкаму патлумачылі перанос мітынгу Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ на пляц Бангалёр тым, што на пляцы імя Якуба Коласа распачатая рэканструкцыя.

Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал кажа, што далейшыя перамовы з уладамі адносна мейсца правядзеньня акцыі безсэнсоўныя:

(Буйвал: ) “Няма сэнсу перамаўляцца з гэтай публікай, якая хоча нас, людзей, якія шануюць нацыянальныя сьвятыні і сьвятыя дні, адправіць на месца выгула сабак”.

Іншую групу заяўнікаў намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын у вуснай размове першапачаткова паслаў сьвяткаваць Дзень беларускае вайсковае славы яшчэ далей — ажно на Крапівінскае поле, пад Воршу.

Пісьмовы адказ на сваю заяву спадары Хадыка ды Івашкевіч павінны атрымаць бліжэйшымі днямі. Віктар Івашкевіч запэўнівае, што ў любым разе сьвяточныя акцыі пачнуцца а 18-й гадзіне 8 верасьня на пляцы Перамогі й працягнуцца ў Купалавым сквэры. Бо для ўскладаньня кветак і народных гуляньняў з тэатралізаванымі відовішчамі дазвол не патрабуецца.

Праўда, традыцыйны канцэрт, верагодна, усё ж адбудзецца, як выказаўся Віктар Івашкевіч, у “камэрна-народна-акустычным варыянце”.

Юры Хадыка абураны рашэньнем спадара Пятрушына, які, дарэчы, сам нарадзіўся на Варшаншчыне:

(Хадыка: ) “Гэта нейкая незвычайная істота з гранічным нахабствам, якую выцягнулі зь нейкіх глыбіняў ідэалягічнай вэртыкалі. Ён нас адсылаў, ня ведаючы (гэта намесьнік старшыні выканкаму!), што выканкам распараджаецца толькі тэрыторыяй да кальцавой дарогі і ніякая дачыненьня ня мае. Гэты невук вось зараз будзе вызначаць разьвіцьцё…”

Міхаіл Пятрушын надоечы зьмяніў на пасадзе намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна. І апазыцыя цяпер мае магчымасьць параўнаць новае і старое кіраўніцтва гораду.

(Хадыка: ) “Чыкін быў больш прыстойны. Ён казаў: “Я, хлопцы, не магу зрабіць іншага”. І што зь яго можна было ўзяць?”

Можна чакаць, што й новае кіраўніцтва сталіцы працягне традыцыю ўрачыста адзначаць савецкія сьвяты, а не нацыянальныя. Толькі невядома, ці пашле спадар Пятрушын заяўляльнікаў, да прыкладу, мітынгу з нагоды Дня працы ў Чыкага, дзе некалі адбыўся страйк амэрыканскіх працоўных. Бо 1 траўня таксама да Менску й Беларусі ня мае аніякага дачыненьня.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org