RFE/RL |
Пятніца, 1 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Цэлы тыдзень Аляксандар Лукашэнка правядзе за акіянам. 2 верасьня ён адбудзе з другім замежным афіцыйным візытам сёлета. Гэтым разам на Кубу. А пасьля сустрэчаў зь Фідэлем Кастра Лукашэнка пераляціць у Нью-Ёрк на “саміт тысячагодзьдзя”, што арганізоўваецца ААН. Двухбаковых кантактаў зь лідэрамі разьвітых краінаў у Лукашэнкі не прадбачыцца й тут. Паводле геаграфіі візытаў Лукашэнкі можна вывучаць ягоныя геапалітычныя сымпатыі: Расея, Віетнам, Югаславія ды шэраг краінаў-ізгояў міжнароднае супольнасьці. Цяпер вось Куба. Сёлета ж увогуле Лукашэнку запрасілі з афіцыйным візытам толькі ў другі раз. Перад гэтым яшчэ ў сакавіку ён наведваў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Той візыт запомніўся тым, што ў адсутнасьць Лукашэнкі на Дзень Волі ў Менску былі арыштаваныя сотні людзей. На Кубе Лукашэнка прабудзе ажно чатыры дні з 2 па 5 верасьня, правядзе перамовы, наведае розныя прадпрыемствы і арганізацыі. Разам зь Фідэлям Кастра Лукашэнка падпіша дамову пра дружбу й супрацоўніцтва, а міністры замежных справаў — пагадненьне пра эканамічнае супрацоўніцтва. Заўважыць, што нельга сказаць, нібыта Куба зьяўляецца важным гандлёвым партнэрам Беларусі. Паводле інфармацыі з МЗС таваразварот з гэтай краінаю складае ўсяго некалькі мільёнаў даляраў штогод. З 6 па 8 верасьня Лукашэнка будзе прадстаўляць Беларусь на буйнейшым саміце кіраўнікоў сьвету, арганізаваным ААН, там ён выступіць з прамоваю і будзе мець некалькі двухбаковых сустрэчаў зь лідэрамі іншых краінаў. У Міністэрстве замежных справаў пакуль не гатовыя назваць сьпіс гэтых дзяржаваў, аднак ужо вядома, што сярод іх няма прадстаўнікоў Заходняй Эўропы ці іншых індустрыйна разьвітых і дэмакратычных краінаў сьвету. Відавочна, што і ў Нью-Ёрку Лукашэнка абмяжуецца сустрэчамі выключна са сваімі геапалітычнымі партнэрамі. Пра прычыны падобнай ізаляцыі Аляксандра Лукашэнкі выказаўся прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка: (Латушкі: ) “Вы ведаеце аб тым рашэньні, якое было прынятае эўрапейскімі структурамі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь зацікаўленая як у кантактах з эўрапейскімі краінамі, так і са сваім бліжэйшым суседам Расеяй. Але двухбаковыя зьнешнепалітычныя стасункі залежаць і ад другога боку”. Гэта быў прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |