RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 1 Верасьня 2000

Сёньня



Сям’я экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі абмяркоўвае магчымасьць папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне. “Мы баімся вяртацца ў Беларусь”, — заявіла радыё Свабода дачка Захаранкі Алена і паведаміла, што на працягу некалькіх дзён рашэньне будзе прынятае.

Жонка й дзьве дачкі аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі , які зьнік больш за год таму, не выключаюць, што зьвернуцца да ўладаў Нямеччыны з просьбаю палітычнага прытулку. Вольга Захаранка, з дачкамі Аленай і Юляй і маленькай унучкаю цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, куды яны зьехалі месяц таму на запрашэньне адной з дабрачынных арганізацыяў.

Некаторыя беларускія СМІ ўжо пасьпяшылі абвесьціць, што Захаранкі папрасілі палітычнага прытулку, аднак, як высьветлілася, гэтая інфармацыя заўчасная, хаця й блізкая да сапраўднай. Справа ў тым, што рашэньне пакуль Захаранкамі не прынятае, але яны сапраўды схіляюцца да таго, каб папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Для радыё Свабода сытуацыю патлумачыла старэйшая дачка былога міністра Алена:

“Так, мы думаем. Справа ў тым, што нам нават няма каму параіць, што рабіць, бо нас пазбавілі так бы мовіць мозгу сям’і. І нам сапраўды жахліва будзе там, тым больш з малым дзіцём. Мы яшчэ думаем, і магчыма, так і будзе”, — сказала Алена Захаранка адносна верагоднасьці таго, што яны папросяць палітычнага прытулку.

Паводле Алены Захаранкі, прапанову прасіць прытулку яны ні ад каго ня чулі, аднак гэтую магчымасьць абмяркоўвалі з актывістамі арганізацыі, якая дапамагла ім прыехаць у Нямеччыну і падтрымлівае цяпер. “Нам сказалі , што калі мы вырашым прасіць прытулку, яны зробяць усё, каб гэта стала шырока вядома, але адмыслова нас на гэта ніхто не падштурхоўвае”, — распавяла Алена. Яна заўважыла, што паводле ейных назіраньняў у Нямеччыне беларусы, якія просяць палітычнага прытулку, ужо займаюць трэці радок пасьля ўцекачоў зь Югаславіі і Чачні.

“На што нам спадзявацца ў Беларусі? Справа ў пошуках бацькі фактычна замаруджаная, усім зразумела, што выніку ня будзе аніякага, пакуль застаецца гэтая ўлада”, — кажа Алена Захаранка. Яна параўноўвае становішча ў Беларусі зь Нямеччынаю за часам Гітлера. “…Тыя ж мэтоды, як захаваць уладу, як стварыць атмасфэру жаху. Здаецца, што ён увасобіў у сабе тую ж сілу”, — кажа Захаранка на адрэсу Аляксандра Лукашэнкі.

Жывуць Захаранкі пад Мюнстарам, даволі часта кантактуюць зь нямецкімі мэдыямі, але дакладную сваю адрэсу не называюць. Кажуць, што не робяць гэта на просьбу арганізацыі, якая іх прыняла. І ўсё ж некаторыя зьвесткі пра сёньняшняе жыцьцё Захаранкаў атрымаць удалося: “Нас пасялілі ў такім месцы, гэта быў раней жаночы кляштар, тут такія маленькія пакойчыкі, можа гора нас да гэтага прымусіла, але мы тут усё часьцей зьвяртаемся да рэлігіі, чытаем малітвы. А што застаецца рабіць?”, — тлумачыць Алена Захаранка і дадае: “Пастаянна апошняя фраза – Госпадзе, збаві нас ад лукавага…”

Гэта была дачка зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі Алена, якая разам з дачкою, мамаю ды сястрою магчыма папросяць палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org