RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 31 Жніўня 2000

Сёньня:



(эфір 31 жніўня)
Жыхары Менску ледзь не засталіся бяз добрага піва. У Менскім гарадзкім выканкаме быў падрыхтаваны загад, які забараняў увозіць піва ў сталіцу з-за яе межаў. Праўда, сёньня стала вядома, што гэты загад быў вельмі хутка адменены.

Галоўная ўправа спажывецкага рынку Менскага гарадзкога выканкаму вырашыла падтрымаць менскіх вытворцаў піва. Як вядома, у беларускай сталіцы два піўныя заводы, якія вырабляюць, паводле сьцьвярджэньня многіх знаўцаў, найгоршае піва ва ўсёй краіне. Прадукцыя “Крыніцы” і “Аліварыі” не карыстаецца попытам ня толькі з-за нізкай якасьці, але й таму, што яна пры ўсіх сваіх уласьцівасьцях ненашмат таньнейшая, напрыклад, за лідзкае і нават расейскае піва.

Загад управы спажывецкага рынку зьявіўся нечакана. У ім, у прыватнасьці, было сказана, што ў сувязі з ростам вытворчасьці заводаў “Крыніца” і “Аліварыя” яны могуць цалкам забясьпечыць Менск півам. Кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў, паводле гэтага дакумэнту, забавязаныя забясьпечыць няспынную наяўнасьць піва вытворчасьці гэтых двух прадпрыемстваў. Гэты загад пачаў дзейнічаць з 25 жніўня. Але літаральна празь некалькі дзён гарадзкія ўлады яго адмянілі, прычым, з таго самага дня, як ён мусіў быў уступіць у сілу.

Эканамічны аглядальнік “Белорусской деловой газеты” Вадзім Сяховіч лічыць, што гэты загад быў адменены таму, што быў поўнай недарэчнасьцю. У інтэрвію нашаму радыё спадар Сяховіч паведаміў:

“Гэта недарэчнае паводле сваёй сутнасьці рашэньне Менскага гарадзкога выканкаму было выкліканае катастрафічным падзеньнем аб’ёмаў рэалізацыі піва менскіх заводаў. Прычыны гэтага — унутраныя праблемы прадпрыемстваў, асноўная зь якіх — нізкая якасьць прадукцыі, зьвязаная з выкарыстаньнем сыравіны й вады нізкай якасьці.

Спроба Менскага гарадзкога выканкаму вырашыць свае праблемы таксама была накіраваная супраць Лідзкага, Рэчыцкага ды іншых рэгіянальных прадпрыемстваў. Таксама сваю ролю адыграла канкурэнцыя з расейцамі — апошнім часам павялічылася колькасьць расейскага піва, якое лепшай якасьці, лепш аформленае. Да таго ж, у Расеі павялічыліся аб’ёмы вытворчасьці піва, таму расейскае піва цяпер значна таньнейшае, чым гэта было раней.

Аднак, такая забарона ўсё роўна была б няўдалаю, таму што нелегальнае — я маю на ўвазе безакцызнае — расейскае піва ўсё роўна зьяўлялася б у Менску. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, нелегальнае расейскае піва цяпер складае каля 30–40 адсоткаў рынку. У сувязі з эканамічнымі праблемамі менскіх заводаў гэтая доля ў хуткім часе павялічыцца”, — лічыць эканамічны аглядальнік “Белорусской деловой газеты” Вадзім Сяховіч.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org