RFE/RL |
Аўторак, 31 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Аляксандар Лукашэнка выляцеў сёньня ў Лівію, дзе будзе сустракацца зь ейным лідэрам Муамарам Кадафі, які шмат разоў запрашаў Лукашэнку наведаць зь візытам гэтую краіну. Таксама спадар Лукашэнка хоча знайсьці ў Лівіі інвэстыцыі. Яшчэ да чарговага візыту ў краіну, якая лічыцца ў сьвеце ізгоем (а папярэдняя паездка Аляксандра Лукашэнкі адбылася на Кубу), кіраўнік Беларусі заявіў журналістам, што не разумее апазыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія папракаюць яго новым сябрам у Афрыцы… (Лукашэнка: ) “Так, сапраўды, новы партнэр у Афрыцы – вельмі багаты і цікавы. Але беларусы там, на жаль, ня першыя. Там ужо на нізкім старце даўно стаялі Францыя, Нямеччына, іншыя дзяржавы, бо такога багацьця, як у Лівіі, напэўна, у ніводнай іншай дзяржаве няма.” Але на пытаньне карэспандэнта НТВ пра тое, ці ня выціснулі яго з Эўропы, ён адказаў гэтак: (Лукашэнка: ) “Ну, а тое, што я не стаю на задворках буйных эўрапейскіх дзяржаваў, не чакаю прыёму ў прыёмных эўрапейскіх прэзыдэнтаў – гэта таксама праўда.” Паводле ягоных словаў, Лівія мае шмат нафты, вялікія грошы ды рынак для беларускіх тавараў. (Лукашэнка: ) “Я еду туды, дзе я бачу вынік. І наогул майце на ўвазе: я ня той прэзыдэнт, які любіць швэндацца па сьвеце без карысьці.” Ён дадаў, што ня едзе ў тыя краіны (напрыклад, Кыргыстан), дзе пакуль не распрацавана некалькі пэрспэктыўных прапановаў што да ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |