RFE/RL |
Аўторак, 31 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Беларусь засталася адзінай краінаю, якая не ратыфікавала пагадненьне зь Нямеччынаю ў справе догляду за вайсковымі могілкамі. Адна з афіцыйных падставаў гэтага — пратэсты з боку вэтэранскіх арганізацыяў Беларусі. Надоечы нямецкі бок запрасіў у Нямеччыну групу беларускіх вэтэранаў дзеля абмеркаваньня гэтага пытаньня. Пагадненьне ў справе догляду за вайсковымі могілкамі паміж урадамі Беларусі й Нямеччыны было падпісана яшчэ ў 1996 годзе. Нямецкі бок ратыфікаваў яго, а беларускі — дагэтуль не. Хоць, напрыклад, дамоўленасьць з Расеяй у гэтым пытаньні была дасягнута яшчэ ў 92 годзе, з Украінаю — у 96-м. На тэрыторыі Беларусі шмат нямецкіх пахаваньняў, як Першае, гэтак і Другое Ўсясьветных войнаў. Большасьць — разбураныя, на іх месцы пабудаваныя школы, стадыёны, дарогі. Існуе толькі некалькі месцаў, дзе нямецкія могілкі пэўным чынам даглядаюцца — гэта вёска Дубінка, што на Магілеўшчыне, Глыбокае на Віцебшчыне, Тарасава ля Менску й некаторыя іншыя. У Нямеччыне дакладна ведаюць месцы, дзе ў часе вайны былі пахаваныя іхныя салдаты, ды імкнуцца, каб гэтыя могілкі даглядаліся. Каб пераканаць беларускіх вэтэранаў, якія супраць ратыфікацыі пагадненьня, іх запрасілі ў Нямеччыну, паказалі могілкі ў Штукэнброку, дзе пахавана 65 тысячаў савецкіх салдат, сярод якіх шмат беларусаў, і імёны іх вядомыя. У Нямеччыне шмат дагледжаных савецкіх вайсковых могілкаў — у Бэргэнбельзэну, Гёрлізхаўзэну ды іншых месцах. Вэтэранаў адвезьлі таксама на нямецкія могілкі ў мястэчку Айфэльсьцін у Галяндыі, дзе пахавана амаль 32 тысячы салдат Вэрмахту. За савецкімі могілкамі ў Нямеччыне й за нямецкімі ва ўсім сьвеце даглядае Народны Зьвяз Нямеччыны — уплывовая грамадзкая арганізацыя, у якую ўваходзіць 1 мільён 300 тысячаў сяброў ды фундатараў. Прэзыдэнт Народнага Зьвязу спадар Лангэ зазначыў, што немцы з часу Другое Ўсьсясьветнае вайны значна зьмяніліся: “Мы даглядаем за магіламі тых, хто загінуў у часе вайны ў Берліне ды іншых месцах Нямеччыны. Таму што ведаем, што, калі не памятаць пра вайну, — нельга захаваць і мір. У Заходняй Эўропе мы навучыліся даглядаць за могілкамі, і хацелі б гэтым досьведам падзяліцца зь Беларусьсю”, — зазначыў спадар Лангэ на сустэчы зь беларускімі ветэранамі. Але й дагэтуль яны ня згодныя з тым, каб у Беларусі зьявіліся вайковыя нямецкія могілкі. Гаворыць старшыня вайскова-навуковага таварыства Ўладзімер Вераб’ёў. (Вераб’ёў: ) “Мы катэгарычна супраць таго, каб увекавечыць памяць захопнікаў-фашыстаў на нашай беларускай шматпакутнай зямлі.” Што да прычынаў гэтага канфлікту, дык, як нам стала вядома з дасьведчаных крыніцаў, кіраўнікі вэтэранскіх арганізацыяў будуць працівіцца ратыфікацыі пагадненьня да самых прэзыдэнцкіх выбараў. Бо, як мяркуюць вэтэраны, калі Лукашэнка пагодзіцца з ратыфікацыяй гэтага пагадненьня, ён можа згубіць падтрымку пэўнае часткі сваіх прыхільнікаў сталага веку. Ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. На самрэч, не ад вэтэранскіх арганізацыяў залежыць лёс пагадненьня. Беларускім уладам выгодна зацягваць ратыфікацыю, каб з часам мець магчымасьць атрымаць з гэтага ад нямецкага боку пэўныя палітычныя дывідэнды. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |