RFE/RL |
Аўторак, 31 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Амаль пад такім жа назовам апублікаваны артыкул і ў дацкай Berlingske Tidende. "За апошнія дзесяць гадоў дэмакратыя ў Эўропе сьвяткавала адну перамогу за другой. Аднак трыюмф ня будзе поўны, пакуль пры ўладзе ў Беларусі будзе заставацца прэзыдэнт Лукашэнка," – піша рэдактар Мікаэль Эрэнрайх. Падзеі радасных рэвалюцыйных дзён у Бялградзе віталіся паўсюдна. Некаторыя казалі, што з гэтай нагоды можна было віншаваць ня толькі сэрбаў, але і ўсю астатнюю Эўропу, бо настала гістарычная хвіля: нарэшце быў скінуты апошні дыктатар кантынэнту. Але ўзьнімаць чаркі было крыху зарана. Крыху далей на Поўнач — у Беларусі — надалей у надзвычай аўтарытарным стылі пануе прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, які не дазваляе стрымваць сябе ніякімі выбарамі. Дакладней кажучы, ён рупіцца аб тым, каб выйграць у яго любыя выбары было немагчыма. Раней у гэтым месяцы Лукашэнка правёў парлямэнцкія выбары пры такіх гратэскавых акалічнасьцях, што іх не ўдалося б нават параўнаць зь іншымі краінамі ў нашай частцы сьвету. Выбары ладзіліся з разьлікам надаць Лукашэнкаваму рэжыму адценьне дэмакратычнай легітымнасьці, аднак яны толькі яшчэ раз пацьвердзілі, што Лукашэнка — чыста дыктатар. Падчас выбарчай кампаніі нападкі на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія зрабіліся сыстэмай ад часу прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе, яшчэ больш абвастрыліся. Рэдакцыі газэтаў штурмаваліся, тыражы канфіскоўваліся. Арыштоўваліся рэдактары, замарожваліся банкаўскія рахункі. Разьмеркаваньне эфірнага часу паміж кандыдатамі на выбарах, мякка кажучы, мела істотныя перакосы. Паводле дасьледаваньня, праведзенага Міжнародным Інстытутам Прэсы (IPI), прыхільныя да прэзыдэнта кандыдаты атрымалі 72% адведзенай на асьвятленьне выбараў плошчы ў дзяржаўных газэтах і 55% часу ў дзяржаўнай тэлевізіі. Для параўнаньня: апазыцыйныя кандыдаты ў тым самым часе мелі кожны толькі пяць хвілінаў тэлеэфіру. Затое ўвесь астатні час выбарчай кампаніі гэтыя людзі выстаўляліся як фашысты, наркаманы, крымінальнікі, амэрыканскія агенты і гомасэксуалісты — хоць гэта і не азначала, што яны былі ўсім гэтым адначасова, як сухавата зазначыў часапіс The Economist. Дзеля абсалютнай пэўнасьці, што ня будзе ніякіх нечаканасьцяў, Цэнтральная Выбарчая Камісія адсеяла ад удзелу ў выбарах каля 200 апазыцыйных кандыдатаў, таму выбары адбываліся пераважна спасярод 500 ляяльных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Парлямэнцкія выбары могуць разглядацца як генэральная рэпэтыцыя перад прэзыдэнцкімі выбарамі наступнага году. Перамога Лукашэнкі працягне ягонае прэзыдэнцтва яшчэ на сем гадоў, але мы мусім зрабіць усё, каб гэтага не адбылося. Пакуль што ягоны рэжым спрычыніў міжнародную ізаляцыю Беларусі і палітычныя санкцыі з боку Эўропы і ЗША. З эканамічнага гледзішча краіна далёка адстала ад сваіх усходнеэўрапейскіх суседзяў. У колішнім Савецкім Саюзе Беларусь была краем з разьвітай індустрыяй і высокаадукаванымі кадрамі. Сёньня яна апусьцілася на 140-е месца ў сьвеце паводле аб’ёму замежных інвэстыцыяў. Беларусь працягвае трымацца за камандную эканоміку, у выніку чаго насельніцтва вымушанае само сабе даваць рады. 90% усяе бульбы і 80 % усяе гародніны вырошчваецца ў малых прыватных гаспадарках, тым часам як калгасы ледзь здольныя вырабіць рэшту. Аляксандар Лукашэнка да свайго прыходу ў палітыку быў дырэктарам саўгаса, і ён працягвае верыць у саўгасна-калгасную сыстэму. Яшчэ больш паглыбляе трагедыю Беларусі тое, што прэзыдэнт Лукашэнка робіць стаўку на саюз з Расеяй. Сэнс палягае ў тым, каб уратаваць краіну ад татальнай эканамічнай катастрофы, аднак расейцы вельмі неахвотна ставяцца да пэрспэктывы пераняць збанкрутаваную беларускую гаспадарку. Гэта ў цяперашніх умовах каштавала б надзвычай дорага, таму Масква пакуль што адкладае пляны ўвядзеньня адзінае валюты да 2005 году, што рэальна азначае — на нявызначаны тэрмін. Галоўнае пытаньне ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі наступнага году — наколькі апазыцыі ўдасца згуртавацца так, як гэта ўдалося ў Сэрбіі пасьля шматмесячных намаганьняў. Сэрбская апазыцыя атрымлівала дапамогу й падтрымку з-за мяжы, тое самае мы мусім зрабіць і для Беларусі. За апошнія дзесяць гадоў дэмакратыя ў Эўропе сьвяткавала адну перамогу за другою. Аднак трыюмф ня будзе поўны, пакуль пры ўладзе застаецца апошні дыктатар
— Аляксандар Лукашэнка,— піша нямецкая Berlingske Tidende.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |