RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 31 Кастрычніка 2000

Сёньня



Дэлегацыя Аб’яднанае Грамадзянскае партыі наведала сёньня Маскву. Кіраўнікі АГП абмеркавалі з уплывовымі расейскімі палітыкамі сытуацыю ў Беларусі ды дамовіліся пра супрацоўніцтва.

Дэлегацыя Аб’яднанае Грамадзянскае партыі ў складзе Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Дабравольскага і Паўла Данэйкі мела сустрэчы зь лідэрам фракцыі “Саюз правых сілаў” Дзярждумы Барысам Нямцовым, віцэ-прэзыдэнтам “Альфа-банку” Алегам Сысуевым, а таксама з дарадцамі Анатоля Чубайса і прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна.

Кіраўнікі Аб’яднанае Грамадзянскае партыі паінфармавалі расейскіх палітыкаў пра тое, у якіх умовах адбываліся выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”, а таксама вялі гутарку пра пэрспэктывы, зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Абмяркоўваліся і іншыя праблемы. Вось што паведаміў нашаму радыё па тэлефоне з Масквы лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы на апошнім сваім зьезьдзе яшчэ ў красавіку прынялі рашэньне аб сыстэмнай працы на расейскім палітычным рынку. І з гэтага часу намагаемся працаваць менавіта сыстэмна, ствараючы, хай і невялічкае, прабеларускае лобі. Ужо ёсьць пэўныя посьпехі. Такія сустрэчы ў нас адбываюцца прыкладна раз на два месяцы, але рэгулярна. Мы дамовіліся аб правядзеньні круглага стала ў Менску на пачатку наступнага году. Прыедуць прадстаўнікі правых сілаў на чале з Нямцовым, а таксама прадстаўнікі расейскага “Яблока”. І з нашага боку будзе прадстаўленая аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя. Мы паспрабуем выпрацаваць стратэгію правага погляду на беларуска-расейскія адносіны”.

Лідэру “Саюзу правых сілаў” Барысу Нямцову беларускія апазыцыянэры таксама перадалі выніковыя дакумэнты ў справе восеньскіх выбараў эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі” і місіі тэхнічнай ацэнкі БДІПЧ. Паводле Антоля Лябедзькі, гэтыя дакумэнты выклікалі вялікую цікавасьць у спадара Нямцова, і ён абяцаў накіраваць іх у расейскія мэдыі.

Сябры беларускае дэлегацыі таксама паведамілі, што дамовіліся зь лідэрам “Саюзу правых сілаў” пра далейшае супрацоўніцтва над агульнымі палітычнымі праектамі.

Пра сустрэчы з былым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі ды цяперашнім віцэ-прэзыдэнтам “Альфа-банку” Алегам Сысуевым, а таксама з дарадцамі Анатоля Чубайса і Ўладзімера Пуціна Анатоль Лябедзька паведаміў менш, сказаўшы толькі, што з гэтымі палітыкамі й кіраўнікамі ўплывовых фінансава-прамысловых групаў абмяркоўвалася агульная стратэгія дзеяньняў беларускай апазыцыі, у тым ліку ў часе прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі. Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) “Мы працуем на расейскім палітычным рынку, а гэта ўключае ў сябе розныя фрагмэнты: і палітыкаў, і бізнэс, і наогул проста актыўных людзей.”

(Кар.: ) “Ці можна гаварыць пра тое, што пэўная частка расейскай палітычнай эліты ўжо не падтрымлівае адназначна Лукашэнку і не гаворыць, што ў Беларусі, апрэч Лукашэнкі, сур’ёзных палітыкаў няма?”

(Лябедзька: ) “Ёсьць усе падставы заяўляць менавіта так. І гэта якраз вынік такой працы.”

Ён таксама дадаў, што ў дэлегацыі заплянаваныя сустрэчы і з кіраўніцтвам шэрагу расейскіх СМІ. Лідэры АГП хацелі б дамовіцца пра газэтныя плошчы й тэлерадыёэфір для прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Анатоль Лябедзька гаворыць, што стасункі з расейскай палітычнай элітаю яны зьбіраюцца будаваць на падмурку доўгатэрміновых інтарэсаў Беларусі.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org