RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 31 Кастрычніка 2000

Сёньня



Заўтра ў Магілеве распачынаецца шосты фэстываль “Залаты шлягэр”. Своеасаблівы сэанс прымусовае настальгіі па савецкай мінуўшчыне абяцае стаць самым дарагім за апошнія гады.

Але гэта той выпадак, калі сродкі не эканомяцца. Плянуецца, што ў адзін зь дзён за кулісамі з творчай інспэкцыяй зьявіцца Аляксандар Лукашэнка.

Колькі канкрэтна будзе каштаваць падаткаплацельшчыкам забаўляльна-суцяшальны “Залаты шлягэр”, трымаецца ў вялікім сакрэце. Але афіцыйны куратар фэстывалю, супрацоўнік Міністэрства культуры Анатоль Мацьвіеўскі пацьвердзіў, што ніхто з артыстаў выступаць бясплатна ня будзе.

Улічваючы немалую колькасьць запрошаных на фэстываль вэтэранаў ад сцэны, можна зрабіць выснову: імпрэза зусім не дабрачынная, як тое спрабуюць падаць дзяржаўныя мас-мэдыі. Каму ўвесь час і даводзіцца цешыцца рольлю бяспраўнае падчаркі, дык гэта сапраўднай беларускай культуры. Што тычыцца плянавых фэстаў накшталт “Залатога шлягэру”, дык яны фінансуюцца і з абласнога, і з рэспубліканскага, і з уласнага бюджэту Міністэрства культуры.

Сваё меркаваньне адносна мэтазгоднасьці падобных фэстываляў выказвае адзін з заснавальнікаў маладзёвай ініцыятывы “Беларуская музычная альтэрнатыва” Сяргей Сахараў:

(Сахараў: ) “Як мне, так і іншым маладым людзям наогул цяжка зразумець, нашто бухаюцца такія грошы ў такія мерапрыемствы. Мы ўжо жывем іншымі стандартамі: мне наогул цяжка зразумець, што азначае прыезд таго ж Палада Бюль-Бюль-Аглы і хто гэта такі. Мы іх папросту ня ведаем – гэта гэроі ня нашага часу.

Савецкі рэжым разгортваецца ў гэтай краіне па ўсіх напрамках дзейнасьці. Тое, што дзяржава не падтрымлівае беларускую культуру – у гэтым нічога страшнага няма. Беларуская музыка мае шанец на самаразьвіцьцё, і такім чынам яшчэ раз пацьвярджаецца той факт, што ў нашым сьвеце можа пражыць толькі незаангажаваная культура, незаангажаваныя нозьбіты.

Правядзеньне такіх фэстаў мусіць яшчэ раз паказаць, што калі-небудзь усё лясьне, і ніякія “Залатыя шлягэры”  нам не дапамогуць. Бо ў нашага пакаленьня зьяўляюцца свае залатыя шлягеры. Мне цікавей слухаць музыку сёньняшняга дня і думаць пра заўтрашні дзень, а ня ўзгадваць старыя нататкі, плакацца над старымі фотаздымкамі і старымі кружэлкамі.”

Лічыць адзін з кіраўнікоў БМА Сяргей Сахараў.

Сярод запрошаных на “Залаты шлягэр” мноства тых, хто быў на вяршыні славы 20-30 год таму, гэта значыць — у росквіт савецкай эстрады: Ратару, Вайкуле, любімыя масамі напаўпадпольныя “блатныя” (Токараў, Новікаў, Кальянаў), нават рэанімаваны італьянскі кумір 80-х Тота Кутуньё. Усе яны ўвасабляюць эпоху быццам бесклапотнага існаваньня ў грамадзтве ўсеагульнае “ўраўнілаўкі”. Менавіта такі лад імкнецца аднавіць і цяперашняе беларускае кіраўніцтва. Рознага кшталту “базары”, “шлягэры” ды “віцязі” — толькі чарговая падстава нагадаць пра вэктар ідэалягічных памкненьняў.

Вядомы ў музычных колах крытык і заснавальнік студыі “Ковчег” Юры Цыбін мяркуе, што гэтым разам варты ўвагі толькі нечаканы прыезд легендарных “Deep Purple”. Тое, якім чынам арганізатар канцэрту, агэнцыя “Класс-клуб” апынулася пад шыльдаю “Залатога шлягэру”, не афішуецца. Да таго ж, аргкамітэт фэстывалю задаволіўся менавіта шыльдаю, пакінуўшы прэрагатыву аплаты немалых ганарараў спонсарам. Але спадар Цыбін лічыць, што спажыўцоў нюансы не цікавяць, і тыя, чыя маладосьць прыйшлася на эпоху цяперашніх рок-дыназаўраў, на канцэрт прыйдуць.

Іншая справа, ці шмат у каго знойдзецца $60-80 — менавіта столькі ў сярэднім каштуе квіток на канцэрт. Іншыя — непараўнальна менш яркія зоркі былой савецкай эстрады — больш даступныя. Але нават паводле арганізатараў, аншлягаў пад час выступаў чакаць ня варта.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org