RFE/RL |
Аўторак, 31 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Як стала вядома, абедзьве палаты Кангрэсу ЗША – Палаты прадстаўнікоў і Сэнату – прынялі сумесную рэзалюцыю ў справе парляманцкіх выбараў у Беларусі. У дакумэнце найперш адзначаецца, што Аляксандар Лукашэнка і ягоны рэжым правялі нелегітымныя і недэмакратычныя парляманцкія выбары з мэтай умацаваць сваю ўладу і аўтарытарны кантроль над беларускім народам. Ва ўступе да рэзалюцыі кангрэсмэны даюць агульную характарыстыку дзеяньняў беларускіх уладаў: запалохваньне дэмакратычнай апазыцыі, зьбіваньне, перасьлед, арышты і судовыя пакараньні тых, хто заклікаў да байкоту выбараў. У рэзалюцыі адзначаецца, што апазыцыя ня мела раўнапраўнага доступу да дзяржаўных СМІ, міліцыя сканфіскавала сто тысчаў асобнікаў газэты “Рабочы”, у якой быў зьмешчаны заклік да байкоту галасаваньня. Апазыцыя не была дапушчаная да ўдзелу ў працы ЦВК, якая пад рознымі прычынамі адмаўлялася рэгістраваць незалежных кандыдатаў. Амэрыканскія кангрэсмэны падкрэсьлілі, што беларускія ўлады не прыслухаліся да рэкамэндацыяў з боку АБСЭ адносна выкананьня чатырох неабходных умоваў правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. У частцы рэзалюцыі названай “Погляд Кангрэсу на парлямэнцкія выбары ў Беларусі” у прыватнасьці гаворыцца, што пэрыяд перад выбарамі 15 кастрычніка характарызаваўся далейшымі парушэньнямі правоў чалавека і кліматам запалохваньня. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасьць за тое, што: -выбары былі праведзеныя ў адсутнасьць дэмакратычнага выбарчага закону, -рэжым Лукашэнкі наўмысна адмаўляў дэмакратычнай апазыцыі ў доступе да дзяржаўных СМІ, -гэта былі выбары ў парлямэнт, які ня мае канстытуцыйных паўнамоцтваў і дэмакратычнай легітымнасьці, -мы падтрымоўваем беларускую дэмакратычную апазыцыю, ухваляем ейныя высілкі, накіраваныя на байкот гэтых нелегітымных выбараў і выказваем спадзяваньне кангрэсу ЗША, што народ Беларусі будзе ў будучыні карыстацца сапраўднай свабодай і дэмакратыяй, -мы пацьвярджаем сваё прызнаньне вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, як адзінага дэмакратычнага, канстытуцыйнага і легітымнага заканадаўчага воргану Беларусі, -мы адзначаем, што гэты парлямант павінен надалей прадстаўляць Беларусь у парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У другой частцы рэзалюцыі кангрэсмэны заяўляюць, што Лукашэнка і ягоны рэжым павінны: -даць справаздачу аб зьнікненьні вядомых людзей: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзьмітрыя Завадзкага. -вызваліць Уладзіміра Кудзінава, Андрэя Клімава і ўсіх зьняволеных па палітычных матывах. Тэкст гэтай рэзалюцыі кангрэсмэны накіравалі прэзыдэнту Білу Клінтану.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |