RFE/RL |
Панядзелак, 30 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Аляксандар Лукашэнка заўважыў, што дзяржаўная тэлевізія паведамляе пра яго толькі на расейскай мове, і назваў гэта “перакосам”. У найбліжэйшай будучыні ён абяцае паказаць на экране новых дыктараў ды журналістаў, якія добра валодаюць беларускай мовай. Апошняе пытаньне Аляксандру Лукашэнку пасьля таго, як ён прагаласаваў у нядзелю на сваім участку, задаў я: “Чаму Беларуская тэлевізія ўсё больш пераходзіць на расейскую мову, а пра вас дык зусім забаранілі распавядаць па-беларуску?” (Лукашэнка: ) “Пра мяне па-беларуску? Ведаеце, гэта нешта новае, па-першае. А па-другое, канцэптуальна мова йшла так — калі, напрыклад, эпізод нейкі йдзе на расейскай мове, дык пажадана й камэнтаваць яго на расейскай мове. Але не абавязкова — гэта справа журналіста”, — адказаў Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў таксама, што, калі журналіст можа ды хоча камэнтаваць на расейскай мове, напрыклад гэтую ж прэсавую канфэрэнцыю, дык, “калі ласка, камэнтуйце па-расейску, камэнтуйце па-беларуску”. Але спадар Лукашэнка дадаў: “Хаця зноў жа, не хачу крывіць душою, я заўважыў, можа быць, нейкі перакос. Мы дапусьціць гэтага ня мусім. Усё ж такі ў нас расейская, беларуская мова маюць роўныя правы. І сёньня ўшчамляць беларускую мову таксама нельга. Таму што вось гэтыя крайнасьці заўжды вядуць да іншых крайнасьцяў”, — зазначыў Аляксандар Лукашэнка. Паводле ягоных словаў, куратарам тэлевізіі ёсьць кіраўнік адміністрацыі Міхал Мясьніковіч, а ніякіях указаньняў пераходзіць на расейскую мову не было. На маю заўвагу, што гэтыя ўказаньні даў асабіста старшыня Белтэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін, спадар Лукашэнка адказаў: “Не, Вы на Чыкіна не валіце — ён гэта не вызначае, і ён ніколі на гэта ня пойдзе. Ніколі. Тым больш, я ведаю ягоную пазыцыю. Відавочна, усё ж гэта зьвязанае з тым, што многія, мы з вамі, і журналісты… — усё ж такі на нашай сакавітай беларускай мове дрэнна размаўляем”, — самакрытычна заўважыў спадар Лукашэнка. Ён распавёў, што адзін з кіраўнікоў Беларускае тэлевізіі Аляксандар Дамарацкі вельмі прасіў яго: “Аляксандар Рыгоравіч, Вы нам дазвольце запатрабаваць ад журналістаў добрае беларускае й добрае расейскае. Добра можаш гаварыць на беларускай мове — калі ласка, вядзі рэпартаж. Ня можаш — ну, дык не заікайся ў эфіры”, — паведаміў Аляксандар Лукашэнка й дадаў: (Лукашэнка: ) “Я ведаю, што рыхтуецца шмат і дыктараў, і журналістаў новых, якія цудоўна ведаюць беларускую мову, і ў бліжэйшы час Вы гэта ўбачыце. Але, відаць, Вы маеце рацыю, зрабіўшы такую выснову. Таму што я таксама заўважыў, што ёсьць некаторыя моманты, калі зьяўляецца больш расейскае мовы. Хаця я не хачу надаваць гэтаму ніякую надзвычайную палітызаванасьць. Гэта абсалютна рэгулюемае пытаньне”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Магчыма, пасьля гэтых словаў Беларускую тэлевізію ўжо адрэгулявалі — хаця нядзельная перадача “Рэзананс” была як заўсёды цалкам расейскамоўнаю, у апошнім выпуску навінаў апоўначы пра спадара Лукашэнку распавялі па-беларуску. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |