RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 30 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Як паведаміла Міністэрства замежных справаў, беларускія ахвяры нацызму часу Другое Ўсясьветнае вайны атрымаюць грашовую кампэнсацыю ад ураду Аўстрыі. Выплаты будзе ажыцьцяўляць фонд “Узаемапаразуменьне й прымірэньне”.

Гуманітарны крок Аўстрыі, паводле падпісанай ейным урадам дамовы, прадугледжвае грашовую кампэнсацыю грамадзянам Беларусі памерам 270 мільёнаў аўстрыйскіх шылінгаў, што адпавядае больш як 38-мі мільёнам нямецкіх марак. Гэтыя грошы мяркуецца выплаціць 8798 грамадзянам Беларусі, якія пад час Другое Ўсясьветнае вайны былі на прымусовых працах у Аўстрыі. Выплаты будуць ажыцьцяўляцца праз фонд “Узаемапаразуменьне й прымірэньне”, які быў створаны ў Беларусі 7 гадоў таму зь ініцыятывы Нямеччыны. Як паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні ўправы фонду Канстанцін Прахарэнка, пацярпелыя грамадзяне Беларусі атрымалі ад Нямеччыны 180 мільёнаў 358 тысячаў марак з 200 мільёнаў, абяцаных нямецкім бокам:

“Мы дагэтуль штомесяц выплочваем 5-6-ці сотням чалавек. Таму што яны знаходзяць у архівах новыя даведкі пра сваю датычнасьць да падзеяў, зьвязаных зь перасьледам нямецкага нацызму. Мы дапамагаем ім знайсьці дакумэнты. Пра фінансавую дзейнасьць фонду робім справаздачы перад амбасадаю Нямеччыны кожны квартал”, — зазначыў спадар Прахарэнка.

Ці на самрэч фонд “Узаемапаразуменьне й прымірэньне” ня мае заўвагаў ад нямецкага боку ў справе фінансавае дысцыпліны? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніка амбасады Нямеччыны ў Менску спадара Хольмэра Крэймара. Той пацьвердзіў, што дагэтуль фінансавая дзейнасьць фонду ня выклікала нараканьняў з боку Нямеччыны. У адрозьненьне ад украінскага й расейскага фондаў, беларускі фонд пакуль не запляміў сябе скандальнай дзейнасьцю.

Няма сумневу, што цяперашняе рашэньне Аўстрыі даверыць яму грошы былых вязьняў прынятае пасьля кансультацыяў зь нямецкім бокам. Дарэчы, Вена адклала падпісаньне аналягічных дамоваў з Кіевам і Масквою. Што тычыцца 20 мільёнаў марак, якія засталіся на нямецкім рахунку фонду, дык, паводле тлумачэньня спадара Прахарэнкі, яны будуць разьмеркаваныя паміж грамадзянамі, што яшчэ разьлічваюць пацьвердзіць свой статус рэпрэсаваных.

Апроч нямецкага боку, фінансавыя справы фонду кантралюе грамадзкая назіральная рада. Вось што распавяла нашаму радыё сябра рады Вольга Няхай:

“Грошы йдуць дакладна паводле сьпісаў. Прызначылі пэўнай колькасьці вязьняў пэўную суму – і на яе прыходзяць у фонд грошы. Наколькі мне вядома, кіраўнікі ўкраінскага й расейскага фондаў зьдзіўляліся, як гэта ў нас засталіся грошы ў запасе. Мы іх эканомілі. Зрэшты, там, дзе грошы, шмат просьбаў пра дапамогу. Просяць і дзяржаўныя ўстановы, але мы ім адмаўляем, таму што гэта грамадзкія грошы. А то вось просяць блякаднікі Ленінграду. Яны падзяліліся на дарослых і непаўнагадовых, нібыта ў іх лёс розны. І чаму блякаднікі — гэта Расея, прасіце ў Расеі!”, — абураецца сябра назіральнае рады беларускага фонду “Ўзаемапаразуменьне й прымірэньне” Вольга Няхай.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org