RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 30 Кастрычніка 2000

Сёньня



Незалежныя назіральнікі з Каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі й Беларускага Гэльсынскага Камітэту лічаць, што вынікі другога туру выбараў, таксама як і першага, былі сфальшаваныя. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сьцьвярджае, што выбары ў гэтак званую “палату” прайшлі дэмакратычна.

Cёньня на выніковай прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што ўдзел у другім туры выбараў узялі 52,6% выбаршчыкаў. Паводле яе, выбары адбыліся ва ўсіх 56 акругах. Найбольш высокая яўка была ў Берасьцейскай вобласьці — 63,3%, найменшая ў Менску — 39,2%.

Сярод новых дэпутатаў ёсьць вядомыя прозьвішчы. Так, у Менску абраныя лідэр “Грамадзянскага Форуму” Ўладзімер Навасяд, кіраўніца “Яблока” Вольга Абрамава, былы дэпутат Анатоль Красуцкі, прэзыдэнт кампаніі “Лада ОМС” Аляксей Ваганаў, а таксама Натальля Машэрава, за якую на безальтэрнатыўнай аснове прагаласавала, паводле афіцыйных дадзеных, больш як 85% выбаршчыкаў.

Свой статус дэпутатаў таксама пацьвердзілі Вячаслаў Кебіч, камуніст Сяргей Касьцян, Аляксандар Шпілеўскі ды іншыя. Дэпутатамі сталі 8 прадстаўнікоў 4 палітычных партыяў. Чацьвёра ад КПБ Чыкіна, двое сябраў Партыі працы й справядлівасьці і па адным ад Аграрнай і Лібэральна-Дэмакратычнай.

Калі адбудуцца паўторныя выбары ў 13 акругах, Лідзія Ярмошына ня ведае, — магчыма, у наступным годзе. Хутчэй за ўсё яны будуць аб’яднаныя зь нейкай іншай выбарчай кампаніяй.

Старшыня ЦВК сьцьвярджае, што ніякіх істотных парушэньняў выбарчага заканадаўства выяўлена не было, а ў Цэнтральнай выбарчай камісіі было пададзена нібыта толькі тры скаргі ад кандыдатаў. Лідзія Ярмошына нэгатыўна ацаніла працу мясцовых назіральнікаў, якія, на ейную думку, былі ангажаваныя кандыдатамі ў дэпутаты.

Прадстаўнікі Цэнтральнае каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі й БГК праводзілі ўчора толькі выбарачнае назіраньне ў некалькіх акругах. Тым ня менш, назіральнікі зафіксавалі нямала парушэньняў і простых фальшаваньняў. Гаворыць прадстаўнік Каардынацыйнае рады Ўладзімер Міхееў:

(Міхееў: ) “Мы амаль што не назіралі за выбарамі ў другім туры, таму што ў першым туры нам было зразумела, якія гэта выбары. Няма ніякага сэнсу назіраць. Такі высокі працэнт – цікава. У нас шмат зьвестак, калі, напрыклад, зачынялі інтэрнат і пакідалі адзін выхад, а скрыня стаяла ў камэнданта, і хто выходзіў-заходзіў…у яе быў сьпіс, і вось такім чынам была забясьпечаная яўка. Прадстаўнікі выбарчых кмісіяў не давалі зьвестак назіральнікам аб тым, якія працэнты яўкі выбаршчыкаў”.

Паведаміў спадар Міхееў.

Старшыня Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька ў сваіх ацэнках другога туру была яшчэ больш жорсткаю.

(Процька: ) “Мы настолькі абураныя такой нахабнай фальсыфікацыяй, якой ніколі мы не назіралі. Я ўжо ж ня першыя выбары назіраю. І ў парлямэнт, і прэзыдэнцкія. Не было ніколі такога. Проста “унаглую”. Самае непрыхаванае падкідваньне бюлетэняў за таго кандыдата, які патрэбны. Мы сёньня ўсю раніцу думалі, што рабіць. Зараз мы будзем абагульняць усе гэтыя вынікі, потым знойдзем канкрэтных вінаватых і будзем распаўсюджваць праз тое, што будзем дасылаць гэтыя вынікі на прадпрыемствы, у раёны, каб усе ведалі”.

Заявіла Тацяна Процька.

Усе зафіксаваныя парушэньні выбарчага закону назіральнікі будуць накіроўваць у АБСЭ ды іншыя міжнародныя структуры. Паводле спадарыні Процькі, назіральнікі таксама прааналізуюць і свае памылкі ды зробяць адпаведныя высновы, каб у часе прэзыдэнцкіх выбараў назіраньне было больш якасным.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org