RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 30 Кастрычніка 2000

Сёньня



Новая “Палата прадстаўнікоў” ня будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдняй ці адыгрываць самастойную ролю ў жыцьці дзяржавы. Усё вырашаць прэзыдэнцкія выбары наступнага году — так ацэньвае дэмакратычная апазыцыя вынікі фармаваньня “Палаты прадстаўнікоў”, у якую ўвайшлі амаль выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

За другім турам галасаваньня апазыцыйныя партыі не ажыцьцяўлялі назіраньне, а Партыя камуністаў Беларуская нават правяла абмеркаваньне выбарчае кампаніі яшчэ ў мінулую нядзелю, не дачакаўшыся афіцыйных вынікаў. Такім чынам было падкрэсьлена нэгатыўнае стаўленьне апазыцыі і да гэтых выбараў, і да новай “Палаты прадстаўнікоў”.

Гаворыць старшыня выканкаму Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) “Палата нумар два не зьяўляецца ніякім парлямантам, яна ня мае аніякіх паўнамоцтваў. Я лічу, што ў сваёй дзейнасьці яна нічым ня будзе адрозьнівацца ад палаты нумар адзін: ня будзе ні больш сьмелай, ня будзе мець аніякага ўплыву на палітычнае жыцьцё ў Беларусі, бо ўсё ў Беларусі будзе вырашацца на наступны год, у часе прэзыдэнцкіх выбараў. Мабыць, адзінае адрозьненьне ад першай палаты – што ў гэтай будзе “канструктыўная” апазыцыя, якая будзе прызначаная Лукашэнкам. Але ж людзі разумеюць, што аніякай апазыцыяй гэта не зьяўляецца, таму ўвесь гэты так званы “парлямант” – нішто іншае, як адзін з разьдзелаў адміністрацыі прэзыдэнта.”

(Кар.: ) “Пракамэнтуйце, калі ласка, сытуацыю з Навасядам, які быў абраны ў гэтую палату. Ён будзе заставацца ў вашай партыі ці не?”

(Лабановіч: ) “Мая асабістая думку – безумоўна, не. На гэты момант у нас ёсьць ягоная заява аб прыпыненьні сяброўства ў партыі, але адразу пасьля таго, як скончыцца тэрмін, указаны ў заяве, я лічу, мы павінны ставіць пытаньне аб ягоным выключэньні з партыі за парушэньне Статуту і рашэньняў партыі,”

– адзначыў прадстаўнік АГП Яўген Лабановіч.

У Беларускім Народным Фронце таксама не чакаюць нічога лёсавызначальнага ад новага складу “Палаты прадстаўнікоў”.

Гаворыць адказны сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) “На нашую думку, палата ня будзе мець паўнамоцтваў парлямэнту і надалей, ня будзе мець і ўплыву на палітычную і эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Тое, што там, можа, зьявяцца нейкія людзі, не прызначаныя Лукашэнкам, а абраныя і будуць нешта там казаць – гэта нават ня будзе пускацца ў эфір, ніхто гэтага не пачуе. Ніякага ўплыву яны таксама ня будуць мець, бо большасьць у палаце засталася тых жа прадстаўнікоў, якія былі і раней.

– паведаміў сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін зазначыў, што ягоная партыя не зьбіраецца даваць новым дэпутатам “Палаты прадстаўнікоў” спакойна драмаць у Авальнай залі, нагадаўшы пра магчымасьць скарыстаньня працэдуры іх адкліканьня.

Гаворыць Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Бальшыня, сфармаваная ў палаце, гэта ранейшыя людзі, іх арыентацыя зразумелая, гэта людзі выканаўчае ўлады, таму я б не чакаў, што будуць нейкія зьмены з пункту гледжаньня права голасу парлямэнту ў нашай дзяржаве. Але ў той жа час там ёсьць шэраг новых людзей, яны, вядома, у мяншыні, але яны ёсьць. Яны будуць займаць нейкія пазыцыі і ў бліжэйшы час пабачым, наколькі гаварыў праўду Лукашэнка, кажучы пра пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту. Мяркую ўсё ж , што гэты парлямэнт будзе іншы, чым той, што быў прызначаны, бо гэтыя людзі прайшлі праз выбары, якія б яны ні былі — несвабодныя, недэмакратычныя і непразрыстыя”,

— адзначыў Сяргей Калякін.

Цікава, што нават некаторыя з замежных назіральнікаў, па сутнасьці пралукашэнкавыя палітыкі, якія прыбылі на другі тур выбараў на запрашэньне беларускага ўраду, пагадзіліся з думкаю, што новы парлямэнт ня будзе мець істотнага ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. На пытаньне пра ролю новага беларускага парлямэнту адказвае дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны Аляксандар Чарадзееў:

(Чарадзееў: ) “Роля парлямэнту тут меншая, чым у сярэднім у Эўропе. Я не думаю, што парлямэнт будзе тут нейкай процівагаю Лукашэнку, не, на гэты пэрыяд жыцьця Беларусі іншага лідэра няма, нават калі гэта ворган, а не чалавек (я маю на ўвазе — парлямэнт)”,

— паведаміў радыё Свабода дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны Аляксандар Чарадзееў.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org