RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 27 Кастрычніка 2000

Сёньня:



(эфір 28 кастрычніка)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У гарадзенскім Новым замку адчынілася выстава “Вобраз Маці Боскае ў хрысьціянстве”. Экспазыцыю складаюць сто каталіцкіх і праваслаўных абразоў, якія адрэстаўраваў малады мастак Уладзімер Кіслы. Выстава прымеркаваная да юбілею Гарадзенскае каталіцкае сэмінарыі, якой сёньня споўнілася 10 гадоў. У сьвяточным канцэрце ўзяў удзел сьпеўны гурт сэмінарыстаў “Ave”.

Інстытут гісторыі Акадэміі навук і нацыянальна-культурнае таварыства беларускіх грэкаў “Алкестыда” наладзілі міжнародную навуковую канфэрэнцыю “Беларуска-грэцкія ўзаемасувязі ад старажытнасьці да сучаснасьці” й выдалі кнігу з такою самаю назваю. На жаль, ніхто з удзельнікаў канфэрэнцыі не згадаў, што Беларусь запазычыла з Грэцыі ня толькі праваслаўе, але й мадэль рэжыму “чорных палкоўнікаў”. У нашай краіне сёньня жыве 743 асобы грэцкага паходжаньня. У Менску неўзабаве пачне дзейнічаць грэцкая пачатковая школа.

У Беларускім калегіюме прайшла прэзэнтацыя альманаху Nihil, які выдае авангардовая суполка Новы Фронт Мастацтваў. Гэта, бадай, адзінае ў Беларусі літаратурна-мастацкае выданьне, што йснуе без дапамогі дзяржавы й замежных грантаў. На думку вядомых культуролягаў Ігара Бабкова й Валянціна Акудовіча, Nihil — адзіны сёньня выдавецкі праект, які займаецца жывою творчасьцяй, а не выкананьнем вытворчых плянаў. Апроч паэтаў і мастакоў, у імпрэзе браў удзел Тэатар Псыхічнае Неўраўнаважанасьці, які наладзіў акцыю супраць абортаў пад назваю “Дзень народзінаў трупа”.

У Музэі гісторыі беларускае літаратуры, што ў Траецкім прадмесьці, адчынілася буйнейшая за апошнія гады выстава беларускага шкла. На ёй прадстаўленыя каля 500 экспанатаў з 12 краязнаўчых музэяў краіны — пацеркі, келіхі, пляшкі, а таксама старадаўнія прылады гутнае вытворчасьці. Век найстарэйшых пацерак сягае ў VII стагодзьдзе. На жаль, дзяржава ня дбае пра захаваньне традыцыяў шкларобства: на славутым гарадзенскім заводзе “Нёман” надоечы былі зруйнаваныя дзьве печы, у якіх гатавалася каляровае шкло.

Там сама, у Музэі гісторыі літаратуры, праходзіць выстава нямецкага фотамастака Ахіма Вёльфінга пад назваю “Менск. Горад і людзі”. Пад час свайго першага перабываньня ў Менску Вёльфінг пачуў, што жыхары беларускае сталіцы лічаць свой горад шэрым і непрыгожым, і тады зь нямецкім аптымізмам вырашыў давесьці, што ў Менску ёсьць шмат маляўнічых куткоў. Вынік пошукаў фотамастака даволі спрэчны: наўрад ці ўпрыгожваюць горад чырвоныя сьцягі на нэабальшавіцкім мітынгу або знойдзены недзе на ўскраіне саматужны помнік трактарысту, які загінуў пад коламі свайго сталёвага каня. Адзінае, пра што сьведчыць выстава, — Менск выглядаў бы яшчэ больш змрочна, калі б не твары беларускіх жанчынаў.

Літоўская абшчына Беларусі адсьвяткавала 125-я ўгодкі з дня народзінаў Мікалёюса Чурлёніса — выбітнага кампазытара й мастака, аднаго зь першых літоўскіх інтэлігентаў, які перайшоў з польскае на родную мову й пацягнуў за сабою іншых. Музычныя творы Чурлёніса прагучалі на канцэрце ў менскім Доме дружбы ў выкананьні выкладчыкаў літоўскае нядзельнае школы Яшчэ два тыдні будзе доўжыцца выстава рэпрадукцыяў ягоных жывапісных цыкляў “Стварэньне сьвету” й “Знакі задыяку”.

У Доме літаратара адбыўся фэстываль маладых паэтаў і музыкаў “Новая генэрацыя”. Найбольш цікава выглядаў выступ рок-гурта “Барадаты Грынвіч” з праграмаю блюзаў і рок’н’ролаў на публіцыстычныя вершы Янкі Купалы. Усе ўдзельнікі фэстывалю былі ўзнагароджаныя тортамі з напісанымі чакалядаю вершамі кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў Вольгі Іпатавай і Навума Гальпяровіча.

Юрась Барысевіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org