RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 29 Кастрычніка 2000

Сёньня



Калёна збочыла на вуліцу Каліноўскага. Побач з нашым карэспандэнтам кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

(Каліноўскі: ) “Шэсьці ў Курапаты ладзяцца ў Менску з 1988 году. Традыцыйна іх арганізоўвае БНФ. Зараз ля мяня знаходзіцца кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі, і я пытаюся ў яго, чым сёлетняя акцыя адметная?”

(Беленькі: ) “Сёлетняя акцыя адметная тым, што нашаму грамадзтву прапанаваная канцэпцыя, якая даўно была ўжо у думках людзей, але не была ажыцьцёўленая. А менавіта: людзі нясуць крыжы, якія будуць усталяваныя на магілах растраляных беларусаў. Як сказаў спадар Зянон Пазьняк у сваім звароце да беларусаў, у Курапатах вырасьце лес рукатворных крыжоў сярод лесу дрэваў. У Курапацкім лесе адбываюцца акты вандалізму, марадзёрства, раскопваюцца магілы няшчасных забітых людзей, нешта там шукаецца, там ладзяць пікнікі, смажаць шашлыкі. Гэта ганьба нашага народа, але гэта і паказьнік таго, якая сёньня ўлада ў Беларусі.

Тое, што Лукашэнка ніводнага разу ня быў у Курапатах, хаця там быў нават прэзыдэнт ЗША Клінтан і іншыя дзеячы замежных краінаў, той факт, што ў Курапатах дагэтуль няма нават знаку, які б тлумачыў тым, хто прыходзіць туды выгульваць сабак і смажыць шашлыкі, што гэта за месца, тое, што час ад часу чорнай фарбай апаганьваюцца ўсталяваныя там крыжы, гэта сьведчыць пра стан грамадзтва. І мы хацелі б, каб сёньняшні пачатак усталяваньня там крыжоў быў бы і пачаткам пераменаў у душы кожнага грамадзяніна Беларусі, зьменаў стаўленьня да сваёй зямлі, да продкаў. Гэта – адзіны шлях да выратаваньня.

Пакуль у шырокім сэнсе будзе абыякавасьць да Курапатаў, да той пары на Беларусі будуць кіраваць людзі-чужынцы праводле душы, як Лукашэнка і ягонае атачэньне”.

(Караткевіч: ) “Юры, у 1988 годзе ў артыкуле “Курапаты – дарога сьмерці” Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў пісалі, што, вядома, ня стануць раскайвацца нябошчыкі-забойцы ці “ціхія пэнсіянэры” (маюцца на ўвазе тыя, хто браў удзел у гэтых растрэлах), – раскайвацца павінна наступнае пакаленьне. Як Вы думаеце, чаму беларускае грамадзтва не дасьпела да гэтага пакаяньня?”

(Беленькі: ) “Напэўна таму, што немагчыма апярэдзіць гэты працэс. У пачатку 90-х у нас была сьвятая вера, што ня будзе звароту назад. Але ў той жа час, я згадваю словы Зянона Пазьняка, які сказаў, што калі мы сёньня (гэта канец 1991 году) ня зьменім маральныя асновы нашага грамадзтва (а тады шмат гаварылі пра каўбасу), дык ня будзе ні каўбачы, ні маралі, ні маральнасьці ў грамадзтве, ня будзе нічога, а мы станем прыдаткам усходняй імпэрыі, якая будзе нас таптаць, а мы, беларусы, ня будзем мець ад гэтага ніякага плёну”.

(Караткевіч: ) “Скажыце, Юры, хто яшчэ, апрача Вашай партыі, браў удзел у арганізацыі сёньняшняга шэсьця?”

(Беленькі: ) “Мы падавалі заяўку ад Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” на чале са спадаром Пазьняком. Афіцыйна, Беларускі Народны Форонт “Адраджэньне” зьвярнуўся да Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі, і афіцыйна гэтыя дзьве структуры ладзяць гэтае мерапрыемства. Але, натуральна, што ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць такія структуры, як “Мартыралёг”, іншыя грамадзкія структуры і шырокі зрэз нашага грамадзтва”.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org