RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 29 Кастрычніка 2000

Сёньня:



У дзевяці выбарчых акругах Гомельскае вобласьці праходзіў сёньня другі тур галасаваньня, але найбольш драматычна складвалася сытуацыя ў дзьвюх зь іх: гомельскай Сяльмашаўскай №34 і Палескай №45.

У Палескай акрузе, дзе галасавалі жыхары Мазырскага й Лельчыцкага раёнаў, усе “вэртыкальныя” сілы кінуты былі на тое, каб у другі здабыць перамогу цяперашняму дэпутату гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» Сяргею Касьцяну. Яго ў першым туры нашмат апярэджваў генэральны дырэктар Мазырскага мэблевага аб'яднаньня Віктар Рагозенка. Каб дапамагчы Сяргею Касьцяну, Беларуская тэлевізія паказала нават перад сёньняшнім турам галасаваньня відэаролік пра тое, як Сяргей Касьцян ці то купіў, ці то “выбіў” для калгасу імя Дзяржынскага трактарны пагрузчык.

Недазволеныя рэклямныя акцыі скарыстоўваліся перад другім турам галасаваньня ў гомельскай Сяльмашаўскай акрузе №34. Нават сёньня Сяльмашаўскі рынак, прыпынкі транспарту абклеены ксэракопіямі зь біяграфіі кандыдата ў дэпутаты Валянціны Савасьценкі з дадаткамі нэгатыўнага характару. У падземным пераходзе напачатку праспэкту Касманаўтаў сустрэў нават размаляваны партрэт кандыдаткі з надпісам-страшылкаю: «СНІД». Трэба думаць, такім чынам практыкавалася ў чорным піяры каманда супэрніка на выбарах — генэральнага дырэктара канцэрну “Белрэсурсы” Юрыя Астапчанкі.

Раней мы перадавалі, што ўлёткі Валянціны Савасьценкі да другога туру выбараў былі заблякаваныя на фабрыцы “Палесдрук” з прычыны цытаваньня нэгатыўнага выказваньня Аляксандра Лукашэнкі адносна дзейнасьці канцэрну “Белрэсурсы”.

У пятніцу ўвечары — за 5 гадзінаў да спыненьня ўсякай агітацыі — дырэктар фабрыкі Віталь Штульман асабіста прывез улёткі Валянціне Савасьценцы на кватэру. Цікава, што ў гэты самы час ўжо друкаваўся суботні нумар газэты “Рэспубліка” з матэрыялам “Бисмарк, ты увы, прав”, у якім крытыкаваліся праграма і ўлёткі Валянціны Савасьценкі.

У гэтай сувязі кандыдатка ў дэпутаты падала ў акруговую камісію заяву з просьбаю даць ёй магчымасьць абвергнуць ілжывыя зьвесткі па радыё і тэлевізіі. Аднак да 15 гадзінаў, калі рыхтаваўся гэты сюжэт, акруговая камісія яшчэ ніяк не адрэагавала на заяву кандыдаткі.

Што тычыцца актыўнасьці, дык на 15 гадзінаў, паводле зьвестак акруговае камісіі, на большасьці ўчасткаў 25 адсоткаў выбаршчыкаў ужо прагаласавалі.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org