Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганс Георг Вік на пытаньне нашага Радыё
аб тым, ці паўплывае другі тур выбараў на іх міжнароднае прызнаньне, адназначна
адказаў – не. Вік таксама расказаў пра зьмест свайго выступу 2 лістапада ў Вене.
2 лістапада Ганс Георг Вік зьбіраецца выступіць на паседжаньні пастаяннага
камітэта АБСЭ ў Вене, дзе ўдзельнікі камітэту будуць абмяркоўваць пытаньне
аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Мы папрасілі яго агучыць для нашага
Радыё асноўныя тэзы гэтага дакладу, а таксама рэкамэндацыі, зь якімі ён
выступіць на паседжаньні пастаяннага камітэту АБСЭ.
(Вік: ) “Я прытрымліваюся лініі “парлямэнцкай тройкі” на тое каб працягнуўся
ці аднавіўся дыялёг унутры краіны, і каб працягнуўся дыялёг “парлямэнцкай
тройкі” і нашай місіі з двума бакамі – урадам і апазыцыяй. Гэта неабходна,
каб зразумець досьвед парлямэнцкіх выбараў і трансфармаваць яго ў закон
аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Па-другое, заклікі, каб апазыцыя
аб’ядналася, адносяцца і да пэрыяду прэзыдэнцкіх выбараў. Трэцяе, прэзыдэнт
павінен быць адказным за тое, што ён абяцаў перад выбарамі, а менавіта
правядзеньне абмежаванай канстытуцыйнай рэформы што да функцыяў парлямэнту,
бо гэта было адным з чатырох патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці”.
Гутарыў
Максім Лукашэвіч, Прага
|