RFE/RL |
Пятніца, 27 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Завяршыўся візыт у Менск місіі Ўсясьветнага банку. Удзельнікі місіі падсумавалі вынікі выкананьня сумеснага зь Беларусьсю экалягічнага праекту. Экалягічны праект тычыўся зьнішчэння ў Беларусі азонаразбуральных рэчываў. Кіраўнік місіі Паола Мета, якая зьяўляецца куратарам экалягічных праграмаў Усясьветнага банку, на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паведаміла, што Беларусі тры гады таму Глябальны экалягічны фонд выдаткаваў грант памерам 6,9 мільёны даляраў… “А таксама папрасіў, каб і краіна, і канкрэтнае прадпрыемства забясьпечылі свой уклад у фінансаваньне гэтага праекту. У сярэднім ад 20 да 30 адсоткаў кошту інвэстыцыяў на кожным аб’екце. Інвэстыцыі былі накіраваныя на набыцьцё абсталяваньня, у прыватнасьці, на менскім заводзе “Атлант”, прадпрыемствах электроннае прамысловасьці, а таксама тых, што абслугоўвалі халадзільную тэхніку. І, напэўна, на гэтых прадпрыемствах сацыяльны аспэкт вываду з выкарыстаньня азонаразбуральных рэчываў быў самым важным”, — зазначыла спадарыня Паола Мета. Паводле высноваў місіі Ўсясьветнага банку, вынікам праекту сталася зьмяншэньне на 700 тонаў шкодных хімічных рэчываў, якія разбураюць азонавую абалонку Зямлі. Апроч таго, тэхналягічнае абнаўленьне спрыяла падвышэньню канкурэнтназдольнасьці беларускае прадукцыі на міжнародных рынках. Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Апацкі паведаміў сёньня, што супрацоўніцтва з Усясьветным банкам у згаданым праекце дапамагло краіне з’эканоміць 10 мільёнаў даляраў. Між тым, пазытыўныя вынікі экалягічнага праекту не падштурхнулі бакі да шчыльнага партнэрства ў іншых сфэрах. Вось ужо 5 гадоў як Усясьветны банк адмаўляе Беларусі ў крэдытаваньні эканомікі. Банк высунуў патрабаваньні, паводле якіх улады краіны мусяць зьмяніць сваю эканамічную палітыку. У прыватнасьці, Банк дамагаецца скасаваньня ў Беларусі адміністрацыйных прынцыпаў кіраваньня, настойвае на лібэралізацыі цэнаўтварэньня, умацаваньні фінансавых абмежаваньняў і працэсу банкруцтва стратных прадпрыемстваў, актывізацыі прыватызацыі і паляпшэньні ўмоваў для недзяржаўнага сэктару. Мяркуецца, што гэтыя патрабаваньні будуць рэччу перамоваў для наступнае місіі Ўсясьветнага банку. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |