RFE/RL |
Пятніца, 27 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў сёньня адказваў на пытаньні на “наўпроставай тэлефоннай лініі”, зарганізаванай газэтаю “Советская Белоруссия”. Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч таксама скарыстаў магчымасьць задаць новаму начальніку беларускае міліцыі свае пытаньні. Ужо каля месяца, як былы кіраўнік прэзыдэнцкае службы аховы Ўладзімер Навумаў узначаліў Міністэрства ўнутраных справаў, але адмысловае прэсавае канфэрэнцыі яшчэ не праводзіў. І вось набіраю тэлефонны нумар, указаны ў “Советской Белоруссии”, і з трэцяй спробы трапляю на Ўладзімера Навумава. Даведаўшыся, што зь ім будуць размаўляць з радыё Свабода, міністар не адмовіўся адказваць на пытаньні, але папярэдзіў, што ня зможа адказваць па–беларуску, бо, хаця паважае мову, але не валодае ёю дасканала. Найперш я спытаў, ці задавальняе яго тое, як вядуцца пошукі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага, і што міністар прануе зрабіць, каб знайсьці гэтых людзей? (Навумаў: ) “Я добра ведаю гэтую тэму, таму што з вашае падачы маё прозьвішча ўвесь час ўцягваецца ў яе. Павал Шарамет ды іншыя, вы ўвесь час уцягваеце мяне ў гэтае пытаньне”, — гэткай была першая рэакцыя міністра на гэтае пытаньне. Далей міністар паведаміў, што гэтыя справы вядзе пракуратура краіны, якой ён не мае падставаў не давяраць. Міліцыя таксама вядзе пошукі, але спадар Навумаў ня думае, што яму трэба адкінуць усе іншыя крымінальныя справы, якіх больш як сто тысячаў, і заняцца толькі гэтымі. І ўсё ж міністар паабяцаў зрабіць усе захады, каб справы пра зьніклых былі расьсьледаваны якасна. (Навумаў: ) “Тое, што з майго боку стала будуць рабіцца нейкія захады для таго, каб гэтыя крымінальныя справы якасна расьсьледаваліся, тут сумненьняў няма”. (Карэспандэнт: ) “Зразумела. А можна назваць Вашым асабістым меркаваньнем па вэрсіях. Вось ёсьць вэрсія, што да гэтага маюць дачыненьне беларускія спэцслужбы. Як Вы пракамэнтуеце, як былы супрацоўнік “Алмазу”, службы аховы прэзыдэнта?” (Навумаў: ) “ “Тое, што вы пішаце, быццам паводле гэтае справы затрыманыя пяць супрацоўнікаў “Алмазу” — гэта няпраўда”, — сказаў Уладзімер Навумаў пра справу зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Міністр паведаміў, што арыштаваны толькі адзін былы “алмазавец”. Міністар упэўнены, што гэтая справа будзе расьсьледаваная: (Навумаў: ) “Будзе расьсьледавацца некалі…” (Карэспандэнт: ) “Раз мы закранулі “Алмаз”, Вам жа вядома, што зараз у гарадзкім судзе ідзе працэс над былым яго супрацоўнікам. Гэта, напэўна, Ваш былы падначалены, Вы павінны былі яго ведаць. Са зброяй, на Дзень міліцыі, у людным месцы ўчыніў такую перастрэлку – аднаго забіў, некалькіх параніў…Як атрымалася, што такія людзі працуюць у “Алмазе?” (Навумаў: ) “ “Гэта адзінкавы факт. Сказаць паводле гэтага адзінкавага факту, што ўвесь такі “Алмаз”, ніхто вам такога ня скажа”, — лічыць Уладзімер Навумаў і тлумачыць, што проста ў аднаго чалавека ня вытрымалі нэрвы, бо нагрузка ў спэцатрадах вельмі вялікая. Міністар перакананы, што адпаведныя высновы з гэтага здарэньня будуць зробленыя, паколькі “ўсё кіраўніцтва МУС і “Алмазу” панеслі сур’ёзнае пакараньне, нават дайшло да таго, што ўсе былі звольненыя. (Навумаў: ) “За гэты факт кіраўніцтва МУС і “Алмазу” панесьлі вельмі сур’ёзнае пакараньне аж да таго, што ўсе былі вызваленыя ад займаных пасадаў”. (Карэспандэнт: ) “А наконт перабудовы ў міністэрстве ўнутраных справаў? Ці плянуеце Вы нешта скарачаць, нешта рэфармаваць?” (Навумаў: ) “Так, я плянуе, што ўсё такі больш супрацоўнікаў міліцыі павінны займацца непасрэдна міліцэйскай працай”. (Карэспандэнт: ) “Сядзець у аўтобусах, калі ідуць нейкія палітычныя акцыі? Вы гэта маеце на ўвазе?…” (Навумаў: ) “Не-не, я маю на ўвазе, што ў нас многа структураў, якія нас забясьпечваюць, але не займаюцца непасрэдна міліцэйскай справаю, а менавіта гэта нам больш за ўсё патрэбна”, — заявіў міністар. Ён не назваў дадзеных, на колькі і якія будуць скарачэньні ў міліцыі, але запэўніў, што без перабудовы не абыйсьціся. Міліцыя мусіць быць бліжэй да людзей, больш займацца справаю, але гэта адбудзецца ня заўтра. (Навумаў: ) “Перабудова будзе ў бок таго, каб сталі як бы бліжэй да людзей, больш займаліся справай, але гэта адбудзецца ня сёньня і ня заўтра”. Сказаў міністар унутраных справаў нашаму радыё пад час сёньняшняе прамое лініі з чытачамі газэты “Советская Белоруссия”. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |