RFE/RL |
Чацьвер, 26 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Эўрапейская камісія, атрымаўшы скаргу асацыяцыі вытворцаў угнаеньняў Эўропы, распачала супраць Беларусі ды яшчэ 9 краінаў антыдэмпінгавае расьсьледаваньне ў справе імпарту мачавіны (карбаміду). Беларускі бок, паводле Міністэрства замежных справаў, гатовы ў часе гэтага расьсьледваньня супрацоўнічаць з Эўрапейскай камісіяй. Эўрапейская асацыяцыя вытворцаў угнаеньняў зьвярнулася ва ўрад Эўразьвязу са скаргаю на дэмпінг з боку 10 дзяржаваў, якія ўвозяць мачавіну (або карбамід) з заніжаным коштам. У сьпісе, акрамя Беларусі, ёсьць яшчэ Ўкраіна, Польшча, Эстонія, Летува, Баўгарыя, Румынія, Харватыя, а таксама Егіпет і Лівія. Эўрапейская камісія вырашыла распачаць антыдэмпінгавае расьсьледваньне супраць гэтых краінаў, бо імпарт адтуль нэгатыўна паўплываў на фінансавае становішча ды занятасьць у гэткай жа прамысловасьці дзяржаваў ЭўраЗьвязу. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка: (Латушка: ) “Беларусь – адна зь некалькіх краінаў, адносна якіх узбуджанае антыдэмпінгавае расьсьледваньне. Наколькі нам вядома, гэта некалькі краінаў, у тым ліку і краіны Эўропы. Беларускі вытворца, у дачыненьні якога ўзбуджанае гэтае антыдэмпінгавае расьсьледаваньне (хачу тут падкрэсьліць, што гэта не ў адносінах да дзяржавы, а ў адносінах да вытворцы прадукцыі), будзе супрацоўнічаць з Эўрапейскай камісіяй пад час расьсьледаваньня, ў тым ліку для яго аб’ектыўнага правядзеньня”. Гаварыў Павал Латушка, які сёньня ладзіў брыфінг у Міністэрстве замежных справаў. Адзіным беларускім вытворцам мачавіны, якая ідзе на экспарт у Эўрапейскі Зьвяз, ёсьць Гродзенскае вытворчае аб’яднаньне “Азот”. У аддзеле маркетынгу гэтага прадпрыемства мне адмовіліся назваць хоць бы якія лічбы, што характарызуюць экспарт карбаміду ў краіны ЭўраЗьвязу, але паведамілі, што ведаюць пра адпаведнае рашэньне Брусэлю. Аднак спадар Латушка адную лічбу ўсё ж падаў: (Латушка: ) “Аб канкрэтных лічбах, нейкіх грошах я не магу гаварыць. Я магу гаварыць толькі пра тое, што доля гэтай прадукцыі на рынках Эўрапейскага Зьвязу складала каля 6 адсоткаў. Важна адзначыць, што ня ўсе з гэтых 6 адсоткаў імпартаваліся і прадаваліся ў Эўрапейскі Зьвяз з парушэньнем заканадаўства. Якраз антыдэмпінгавае камісія, гэтае расьсьледаваньне гэта ўсё праверыць і зробіць свае высновы”. Гэта быў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |