RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 26 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Берасьцейскi абласны выканкам выдаў распараджэньне, згодна зь якiм мясцовыя ўлады й кiраўнiкi прадпрыемстваў забавязаныя забясьпечыць яўку выбаршчыкаў пад час другога туру галасаваньня, якое адбудзецца 29 кастрычнiка.

Дакумэнт, пра якi йдзе гаворка, мае назоў «Аб некаторых мерах у забесьпячэньні правядзеньня другога туру выбараў». Згодна з гэтым распараджэньнем, падпiсанным старшынёй Берасьцейскага абласнога выканкаму Васiлём Даўгалёвым, усе кiраўнiкi прадпрыемстваў, арганiзацыяў i ўстановаў на тэрыторыях выбарчых акругаў, дзе адбудзецца другi тур галасаваньня, у гэты дзень забавязаныя знаходзiцца на сваiх рабочых месцах i асабiста забясьпечваць яўку на выбарчыя ўчасткi сваiх падначаленых.

Цiкавым выглядае трэцi пункт распараджэньня. У iм старшыням раённых i гарадзкіх выканкамаў загадваецца «дапамагчы ўчастковым камiсiям удакладнiць сьпiсы выбаршчыкаў; адпрацаваць дакладныя схэмы дзеяньняў у выпадку недастатковай актыўнасьцi выбаршчыкаў; у сродках масавай iнфармацыi правесьцi тлумачальную работу сярод выбаршчыкаў пра эканамiчныя страты ад няўдзелу ў выбарах». Акрамя таго, на тэрыторыях выбарчых акругаў у дзень другога туру «вэртыкаль» мусіць стварыць атмасфэру сьвята й народнага гуляньня. Старшыням раённых i гарадзкіх выканкамаў таксама трэба паклапацiцца, каб сябры ўчастковых камiсiяў, якiя актыўна адпрацавалi на выбарах, былi заахвочаныя за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў i прадпрыемстваў, што вылучылi гэтых людзей у склад выбарчых камiсiяў.

Вось як пракамэнтаваў гэтае распараджэньне старшыня Берасьцейскае філіі Беларускага Гэльсынскага камiтэту Анатоль Ляўковiч:

«Гэты дакумэнт яскрава сьведчыць, што выканаўчая ўлада парушае шэраг артыкулаў Выбарчага кодэксу Рэспублiкi Беларусь. Напрыклад, артыкул пяты — «выбаршчык асабiста вырашае: удзельнiчаць яму ў выбарах, рэфэрэндуме, за каго галасаваць». Цi, напрыклад, артыкул 49, дзе гаворыцца, што асобы, якiя перашкаджаюць шляхам гвалту, пагрозаў, падману, подкупу цi iншым шляхам свабоднаму зьдзяйсьненьню грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права ўдзельнiчаць цi ня ўдзельнiчаць у выбарах нясуць адказнасьць, якая ўстаноўлена заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Дакумэнт, падпiсаны старшынёй Берасьцейскага абласнога выканкаму, парушае права грамадзянаў зрабiць свой уласны, свабодны выбар i ўспрымаецца намi, як антызаконны акт, якi супярэчыць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь».

Гэта быў кiраўнiк Берасьцейскае філіі БГК Анатоль Ляўковiч.

Да ягоных словаў можна дадаць, што кiраўнiцтва абласное «вэртыкалi» вельмi нэрвова ўспрыняла той факт, што 15 кастрычнiка адразу ў пяцi акругах Берасьця й Баранавiчаў выбары не адбылiся. Зараз кiраўнiкоў прадпрыемстваў гэтых гарадоў забавязваюць складаць сьпiсы падначаленых, якiя не пайшлi галасаваць. У справаздачы таксама трэба паведамiць, чаму гэтыя людзi прайгнаравалi выбары.

Зьяўленьне адмысловага дакумэнту напярэдаднi другога туру галасаваньня сьведчыць, што ўладаў палохае пэрспэктыва, калi выбары не адбудуцца яшчэ ў некалькiх акругах Берасьцейшчыны.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org