RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 26 Кастрычніка 2000

Сёньня



У апошнія дні ў Віцебску разгарнулася адкрытая барацьба гарадзкіх уладаў супраць незалежнай газэты “Выбар”.

Газэта “Выбар” выдаецца ў Віцебску з 1991 году. Гэта ці ня самае першае тутэйшае дэмакратычнае выданьне, але за гады паступовага зьнікненьня ўсіх прыкметаў дэмакратыі ў Беларусі “Выбар” пазбавіўся спачатку памяшканьня, потым банкаўскага рахунку, а цяпер, відавочна, улады плянуюць пазбавіцца ад яго ўвогуле.

Апошнімі днямі “Выбарам” пільна зацікавілася падатковая інспэкцыя. Банкаўскі рахунака газэты быў зачынены яшчэ ў 1996 годзе. І пра тое, што ніякае фінансавае дзейнасьці рэдакцыя не вядзе, і што руху сродкаў у “Выбару” няма, віцебская падатковая інспэкцыя атрымлівае штомесячныя справаздачы. Гэтак сьцьвярджае рэдактар газэты Барыс Хамайда, ці ня самы вядомы віцебскі апазыцыянэр. Амаль штодня ён зьбірае подпісы за незалежнасьць Беларусі ў самым цэнтры Віцебску, некалькі разоў прыцягваўся за гэта да адміністрайцыйнай адказнасьці. За час гэтай сваёй акцыі ён перазнаёміўся ці не з усімі супрацоўнікамі Чыгуначнага аддзелу міліцыі.

Але вядомасьць, як высьветлілася, рэч адносная. Барыс Хамайда атрымаў выклік у міжраённую фінансавую міліцыю з нагоды таго, што ён хаваецца ад падатковай інспэкцыі. Наведаўшы фінансавую міліцыю 25 кастрычніка, Барыс Хамайда засьведчыў сваю гатоўнасьць да любых фінансавых праверак, але зазначыў, што адзіным пажаданым для ўладаў вынікам праверкі з боку падатковай інспэкцыі, была б ліквідацыя газэты менавіта з-за адстунасьці абароту сродкаў ды адлічэньняў у дзяржаўны бюджэт.

Змаганьне з “Выбарам” разгарнулася ў Віцебску настолькі шырока, што нават на сёньняшнім судовым паседжаньні адносна чарговага несанкцыянаванага пікету для збору подпісаў, судзьдзя Сьвятлана Туфан настойліва, хоць і не па справе, дапытвалася, колькі асобнікаў складае ейны наклад, ды ці ня мае да яе прэтэнзіяў падатковая інспэкцыя.

Браніслава Станкевіч, Віцебск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org