RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 26 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Ужо тры месяцы ў калгасе “Ленінскі шлях” Смалявіцкага раёну дзейнічае сумеснае прадпрыемства “ШтоцАграСэрвіс” на фінансавай і тэхнічнай базе аднаназоўнае нямецкае кампаніі. Мэта супрацоўніцтва — рэальнае рэфармаваньне калгасу, пераўтварэньне яго ў рынкавую высокарэнтабельную аграрную фірму.

Днямі мэханізатары калгасу “Ленінскі шлях” упершыню за апошнія дзесяць гадоў атрымалі за восеньскія ўборку й сяўбу такі значны заробак — па некалькі сотняў даляраў.

Цікава, што ані беларускі дырэктар прадпрыемства, кіраўнік гаспадаркі спадар Стасевіч, ані германскі дырэктар пан Штоц не пераглядалі пакуль у бок павялічэньня кошты тых ці іншых работ. Значныя сумы заробленыя людзьмі адно дзякуючы надзвычай прадукцыйнай і якаснай нямецкай тэхніцы. Зь ёю, паводле прызнаньня калгасных спэцыялістаў, нельга нават параўноўваць айчынныя ці расейскія адпаведнікі.

Як жа сяляне рашыліся сёлета 26 ліпеня разьвітацца з калгасам “Ленінскі шлях”?

Гаворыць Міхал Стасевіч:

“Людзі бачаць, што трэба шукаць нейкае выйсьце. Адчуваньне — што трэба нешта мяняць у нашым жыцьці. Але пры 70-адсоткавае зношанасьці тэхнічнага парку без пабочнае дапамогі, без інвэстыцыяў казаць пра сур’ёзнае рэфармаваньне вельмі цяжка. Таму й была дадзена прынцыповая згода людзей на супрацоўніцтва з панам Штоцам”, — заўважыў спадар Стасевіч.

Міхал Стасевіч лічыць, што ягоны нямецкі партнэр крыху рызыкуе. Бо менскае начальства яшчэ не зацьвердзіла стварэньне сумеснага прадпрыемства, а пан Штоц ужо на траціну абнавіў тэхнічны парк гаспадаркі, уклаў у хімічную апрацоўку палеткаў, у элітнае збожжа, якім зараз праведзеная сяўба, сотні тысячаў даляраў.

Спадар Штоц спадзяецца, што беларускія ўлады, якія, паводле заўвагі Міхала Стасевіча, замарозілі сваё ж рашэньне пра ліквідацыю да 1 жніўня 2000 года калгаснае формы ўласнасьці, дазволяць яму арандаваць спачатку землі “Ленінскага шляху”, а затым яшчэ трох суседніх гаспадарак Смалявіцкага раёну. Бо, паводле праекту Штоца—Стасевіча, беларускія сяляне на дзесяці тысячах гэктарах праз чатыры-пяць гадоў мусяць паводле нямецкіх аграрных тэхналёгіяў атрымліваць ад 70 да 120 цэнтнэраў збожжа “на круг”, утрымліваць 5 тысячаў кароў, зь іх дзьве тысячы складуць дойны статак — з гадавым надоем малака ад кожнай па сем тысячаў літраў. Тут жа немцы зь беларусамі збудуюць некалькі заводаў дзеля перапрацоўкі малака, мяса ды выпрацоўкі алею з рапсу.

Гэты цікавы праект, — кажа Міхал Стасевіч, — без захапленьня быў сустрэты ў выканкаме. Цяпер тут, акрамя начальніка раённага “сяльгасхарчу”, са старшынём “Ленінскага шляху” нават не вітаюцца. Да ўсяго ў міністэрствах замежных справаў і сельскае гаспадаркі яшчэ ня вырашылася пытаньне пра ўваходжаньне прадпрыемства ў свабодную эканамічную зону “Менск” дзеля зьмяншэньня мытных выплатаў за пастаўку нямецкае тэхнікі.

Тым ня меней, сяляне паверылі ў лепшую долю, што ім нясе, як яны зараз кажуць, Эўропа. Закончу гэты рэпартаж словамі мэханізатара Аляксандра Чарныша:

“Шчас павярнулася ўсё ў лучшую сторану. Так што, я думаю, будзем работаць”.

Алесь Мікалайчанка,
вёска Забалацьце Смалявіцкага раёну


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org