RFE/RL |
Чацьвер, 26 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Беларускае войска папоўніцца некалькімі тысячамі былых міліцыянтаў, якія раней вызваляліся ад тэрміновае службы. Нават былыя афіцэры й сяржанты міліцыі прызыўнога веку цяпер мусяць служыць ў войску на агульных падставах — шэрагоўцамі. На працягу многіх папярэдніх гадоў міліцэйская служба не была дастаткова прэстыжнай, і ўлады, каб папоўніць шэрагі міліцыянтаў, ішлі на наданьне такой па сутнасьці незаконнай палёгкі, як вызваленьне ад вайсковае службы. Але час зьмяніўся. “Сёньня мы ня маем тых цяжкасьцяў з камплектацыяй міліцэйскімі кадрамі, якія мелі яшчэ некалькі гадоў таму, і таму няма патрэбы ў дадатковых стымулах кшталту вызваленьня ад прызыву”, — пацьвердзіў радыё Свабода начальнік аддзелу камплектацыі Міністэрства ўнутраных справаў падпалкоўнік Генадзь Клепча. Паводле падпалкоўніка, не міністэрства ініцыявала адмену ільготы, але яно не супраць. “Гэта дрэнна, калі міліцыянт звальняецца праз паўтары гады службы. Ён нават за свой мундзір яшчэ не адпрацаваў, не кажучы пра тыя грошы, якія ўкладзеныя ў ягоную падрыхтоўку. Таму я лічу, што новы парадак прызыву былых міліцыянтаў у войска пойдзе нам толькі на карысьць — менш будзе выпадковых людзей”, — лічыць падпалкоўнік Клепча. Паводле ягоных словаў, такіх, хто йшоў у міліцыю і працаваў там ўсяго пару гадоў, а потым звальняўся, толькі каб не служыць у войску, было няшмат. Але міліцыянтаў прызыўнога веку, якія звольніліся з-за розных прычынаў, налічваецца некалькі соцень, калі не тысячаў. “Нам ўсё роўна, колькі іх. Калі трэба паводле закону, будзім прызываць усіх, у тым ліку й былых афіцэраў міліцыі, якім яшчэ няма 27 гадоў. І служыць яны будуць як ўсе іншыя — шэрагоўцамі”, — паведаміў афіцэр з арганізацыйна-мабілізацыйнае ўправы Міністэрства абароны. Там заяўляюць, што на неадпаведнасьць закону ільготаў для былых міліцыянтаў указала міністэрству Пракуратура Беларусі. Між тым, ужо зразумела, што гэтае карэктаваньне дорага абыйдзецца былым міліцыянтам прызыўнога веку. Тым, хто пасьпеў знайсьці працу, ажаніцца, займець дзяцей. Хто замест іх будзе ўтрымліваць іхныя сем’і? Беларускае заканадаўства і прыняты на наступны год бюджэт фінансаваньня такіх сем’яў не прадугледжваюць. У Міністэрстве ўнутраных справаў раяць былым калегам, ня згодным з новым парадкам прызыву, падаваць у суд. “Зразумела не на нас, а на Міністэрства абароны”, — удакладняюць міліцыянты. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |