RFE/RL |
Серада, 25 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з выбранымі ў першым туры дэпутатамі гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, але заклікаў кіраўніцтва старое “палаты” працаваць да поўнага фармаваньня новае. Перш за ўсё Аляксандар Лукашэнка павіншаваў тых, хто прайшоў празь першы тур, ды паспачуваў ім з нагоды ўціску з усіх бакоў, і ад ягонае “вэртыкалі”, відавочна, таксама. (Лукашэнка: ) “Вядома, перамога ў першым туры…” Так заўважыў Аляксандар Лукашэнка, вітаючы новых дэпутатаў. У свой час пасьля першага туру выбараў у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ён таксама сустракаўся з новымі дэпутатамі, сярод якіх вылучаўся Павал Знавец. Спадара Знаўца згадаў ягоны былы калега ў Вярхоўным Савеце Іван Пашкевіч, якога пераабралі ў “Палату прадстаўнікоў” і які сустракаўся сёньня з Аляксандрам Лукашэнкам: “Апазыцыя рабіла ўсё…”, — гэта быў Іван Пашкевіч, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Сам жа Аляксандар Лукашэнка сёньня зьвярнуў увагу на новых дэпутатаў палаты: “Сярод новага папаўненьня…”, — сказаў спадар Лукашэнка. Ягоныя словы — фактычна пра адсутнасьць новых палітыкаў у “ніжняй палаце Нацыянальнага сходу”, тлумачыць стары дэпутат Іван Пашкевіч: “Скажу шчыра, на дурніцу ў дэпутаты ня пройдзеш…”, — падзяліўся дэпутат Пашкевіч. Яшчэ напярэдадні — у часе нарады, што была прысьвечаная другому туру галасаваньня, — Аляксандар Лукашэнка зазначыў: “Не памыліліся мы ў прагнозе нежыцьцяздольнасьці апазыцыйных партыяў ды рухаў, якія супрацьстаяць прэзыдэнту”. Спадар Лукашэнка асабліва падкрэсьліў, што з 86 кандыдатаў ад Лібэральна-Дэмакратычнае партыі ў другі тур прайшоў толькі адзін. Але сёньня Аляксандар Лукашэнка адзначыў вялікую ролю партыяў ў новым складзе “Палаты прадстаўнікоў”: “З палітычных партыяў першынствуе Аграрная — 4 чалавекі”, — паведаміў Аляксандар Лукашэнка. Як піша агэнцыя “Интерфакс”, ён таксама заклікаў кіраўніцтва ранейшага складу парлямэнту ажыцьцяўляць паўнамоцтвы да фармаваньня новага дэпутацкага корпусу. Спадар Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі “палаты” Анатоль Малафееў ды Ўладзімер Канаплёў былі абраныя ўжо ў першым туры. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |