RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 25 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 24 кастрычніка)
Усясьветнае згуртаваньне беларускіх габрэяў распаўсюдзіла сёньня заяву, у якой назвала фактам “чарговае праявы дзяржаўнага антысэмітызму” рашэньне Менскага гарвыканкаму перанесьці мітынг і шэсьце з мэтаю захаваньня памяці змагароў Супраціву і ахвяраў нацызму. Улады гораду не дазволілі ўдзельнікам акцыі прайсьці па цэнтральных вуліцах Менску.

Адмову ў шэсьці намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Міхал Пятрушын патлумачыў тым, што ўдзельнікі акцыі будуць “перашкаджаць інтэнсіўнаму руху транспарту” на праспэкце Францішка Скарыны, вуліцах Валадарскага й Сьвярдлова да прахадной Менскавага дрожджавага заводу, дзе й мусіў адбыцца мітынг. Акрамя гэтага, у выбары мейсца пачатку шэсьця, ля брамы ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Валадарскага, спадар Пятрушын знайшоў патаемны сэнс:

(Пятрушын: ) «Яны вырашылі сабрацца ля турмы й патлумачылі, што гэтым жа шляхам колісь прайшлі й вязьні. Калі 45 ці 55 год таму немцы трымалі там кагосьці — гэта была адна сытуацыя, сёньня іхны збор можна разглядаць па-рознаму… І пасьля, наколькі гістарычна дакладны гэты шлях вязьняў?»

Вядома, што 26 кастрычніка 1941 году фашысты расстралялі 12 удзельнікаў руху Супраціву. Трое зь іх — Маша Брускіна, Кірыла Трус і Ўладзімер Шчарбацэвіч — ішлі на расстрэл менавіта вуліцаю Валадарскага, цяперашнімі праспэктам Скарыны і вуліцаю Сьвярдлова. Фотаздымкі апошняга шляху гэтых людзей вядомы ўсяму сьвету. Некалі яны нават дэманстраваліся на Нюрэнбэргскім працэсе.

Акцыя арганізуецца Ўсясьветным згуртаваньнем беларускіх габрэяў разам зь Беларускім Гэльсынгскім Камітэтам. Паводле словаў кіраўніка інфармацыйнае службы БГК Зьмітра Маркушэўскага, Менскі гарвыканкам кіраваўся іншымі прычынамі:

(Маркушэўскі: ) «Мы ўспрымаем рашэньне выканкаму як глумленьне над памяцьцю загінуўшых патрыётаў і зьдзек над канстытуцыйнымі правамі грамадзянаў Беларусі. Я думаю, што гэта нежаданьне, каб гэтая думка стала вядомая грамадзянам. Таму, я лічу, было забароненае шэсьце, праз якое менавіта і можна было толькі прыцягнуць увагу людзей да праблемы захаваньня памяці пра змагароў Супраціву нацызму».

У заяве, распаўсюджанай сёньня Ўсясьветным згуртаваньнем беларускіх габрэяў, дзеяньні гарадзкіх уладаў названыя яшчэ адным фактам «дзяржаўнага антысэмітызму»: «У Беларусі апошнім часам стала звычным казаць, што ўвесь сьвет крочыць не ў нагу. Толькі рэспубліка пад кіраўніцтвам Лукашэнкі йдзе слушным шляхам, раўняючы крок з нацыстамі», — гаворыцца ў заяве Ўсясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў».

«Аб ніякім антысэмітызме і мовы няма. Мы мерапрыемства самое дазваляем. Мы проста забаранілі праходзіць у ажыўлены час па цэнтральнай магістралі. Вось і ўсё. Таму, ніякага няма антысэмітызму»,

— так адрэагаваў на згаданую заяву намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын.

Зьміцер Маркушэўскі паведаміў карэспандэнту радыё Свабода, што БГК адмовіўся ад мітынгу ля прахадной Менскага дрожджавага камбінату. 26 кастрычніка на мейсцы расстрэлу людзі проста ўскладуць кветкі.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org