RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 25 Кастрычніка 2000

Сёньня



Менская гарадзкая пракуратура прымусіла сьледчых Савецкае раённае пракуратуры вярнуцца да справы пра зьбіцьцё лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Юрася Беленькага.

У Савецкай раённай пракуратуры Менска адноўленая праверка заявы лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Юрася Беленькага, які патрабуе пакараць міліцыянтаў, што зьбілі яго сёлета 25 сакавіка, на Дзень Волі. Юрась Беленькі не пагаджаецца, каб гэты інцыдэнт быў забыты.

(Беленькі: ) “Яны ж цынічна, на вачах у масы людзей, павалілі мяне, зьбівалі з асаблівым цынізмам. Я ўжо калі стараціў прытомнасьць (мне расказвалі), нацягнулі на галаву куртку, каб не заставалаася сьлядоў, і білі па галаве дубінкамі. Усё гэта здымалі на відэастужку і пасьля гэтага адмаўляюць у завядзеньні крымінальнай справы. Гэта можа быць прыватны выпадак, можа быць дарма я экстрапалюю так, але мне здаецца, што калі вось такія выпадкі будуць грамадзтвам не заўважацца, то наступствы для яго будуць самыя трагічныя”.

Гаварыў лідэр КХП БНФ Юрась Беленькі. Узбуджэньня справы ён дамагаецца ўжо паўгады. Пасьля інцыдэнту замест таго, каб узбудзіць справу на працягу дзесяці дзён, як патрабуе закон, пракуроры Савецкае раённае пракуратуры больш як месяц высьвятлялі, ці варта ўвогуле яе заводзіць.

Прычым, праверка вялася вельмі дзіўна. Лідэр КХП БНФ сьцьвярджае, што даў сьледчаму Ільлі Паўлаву даведкі пра атрыманыя траўмы, паведаміў прозьвішчы сьведкаў, спасылаўся й на службовую міліцэйскую стужку тых падзеяў, якую дэманстравалі на працэсах над іншымі ўдзельнікамі падзеяў Дня Волі.

Але на Ільлю Паўлава гэтыя аргумэнты не падзейнічалі, і ён адмовіўся ўзбуджаць справу. Тады Беленькі з адвакатам Страмкоўскай абскардзілі адмову. І вось гарадзкая пракуратура забавязала сваіх падначаленых зноў заняцца праверкаю заявы Юрася Беленькага. Праверкаю цяпер заняты іншы сьледчы, Ільля Зотаў, але ў спадара Беленькага, і да яго ёсьць прэтэнзіі ў замаруджваньні справы.

(Беленькі: ) “Калі я чарговы раз быў выкліканы ў пракуратуру, ён прапанаваў, каб я знайшоў сьведак, быццам бы пракуратура не магла іх знайсьці. І цяпер яны зацягваюць, гэта значыць, відавочна, што яны выбралі тактыку на зацягваньне гэтай справы, сьвядомую, і відавочна, што такая тактыка будзе працягвацца”.

Казаў Юрась Беленькі. Паводле ягонай інфармацыі, сьледчы Зотаў усё ж апытаў двух сьведкаў, але дагэтуль не знайшоў відэазапіс інцыдэнту. “Стужка ў міліцыі, і знайсьці яе вельмі проста, было б жаданьне”, — заўважае Юрась Беленькі й абяцае не саступаць, пакуль справа ня дойдзе да суду.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org