RFE/RL |
Аўторак, 24 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Украіна занепакоеная напружанымі дачыненьнямі Беларусі з Эўрапейскімі арганізацыямі, – заявіў сёньня начальнік прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Украіны Ігар Грушко. (Цытата: ) “Замежнапалітычнае напружаньне ў дачыненьнях Беларусі з вядучымі эўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасьці, з АБСЭ, выклікае ва Ўкраіны сур’ёзную заклапочанасьць з прычыны наяўнасьці палітычнай напружанасьці ў рэгіёне, да якога Ўкраіна належыць”. Беларусь, паводле словаў Ігара Грушко, належыць да рэгіёну Вялікай Эўропы, і кіруючыся гэтым трэба ацэньваць падзеі ў Беларусі. Як перадае карэспандэнт УНІАН, цытуючы словы начальніка прэсавай службы міністэрства замежных справаў Украіны, факты адмовы часткі апазыцыйных сілаў Беларусі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах сьведчаць пра канфліктнасьць, якая захоўваецца ў беларускім грамадзтве. Як паведаміў Ігар Грушко, Украіна перакананая, што працэсы агульнаэўрапейскай інтэграцыі не павінныя абмінаць ніводнай з краінаў кантынэнту. Адзіны рэальны шлях для пераадоленьня існуючай у Беларусі напружанасьці як у замежнапалітычным, так і ўнутрыпалітычным кантэксьце, паводле Ўкраіны, – гэта ўзмацненьне парлямэнтарызму, разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў падзелу ўлады, забесьпячэньне свабоднага функцыянаваньня грамадзкіх і няўрадавых арганізацыяў. Афіцыйны Кіеў мяркуе, што толькі гарантаваныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы кожнага грамадзяніна могуць стварыць фундамэнт, які забясьпечыць стабільнасьць у грамадзтве, эканамічны рост і паўнацэннае далучэньне краіны да міжнароднай супольнасьці. Ігар Грушко таксама дадаў, што Ўкраіна чакае на вынікі другога туру
галасаваньня ў тых акругах, дзе кандыдаты не набралі неабходных галасоў
і тады ацэніць вынікі выбарчай кампаніі агулам.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |