RFE/RL |
Аўторак, 24 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Паблiзу аўтамагiстралi, што вядзе зь Берасьця ў Менск, у Кобрыньскiм раёне знаходзiцца вёска Лука. Але зь нядаўняга часу ўсе дарожныя паказальнiкi на гэтым участку шашы замененыя i цяпер паведамляюць, што побач зь трасаю знаходзiцца ня вёска, а племянны завод «Дружба». Паводле зьвестак вiдавочцаў, старыя дарожныя паказальнiкi, на якiх была напiсаная назва вёскi Лука, зьнiклi напярэдаднi вiзыту Ўладзiмера Ярмошына. Прэм'ер-мiнiстар Беларусi наведаў гэтыя мясьцiны, каб азнаёмiцца зь працаю племяннога заводу «Дружба». Адмiнiстрацыя прадпрыемства месьцiцца менавiта ў вёсцы Лука, i каб назва населенага пункта менш кiдалася ў вочы спадару Ярмошыну было прынятае рашэньне зьмянiць усе шыльды ў навакольлях вёскi. Аля й пасьля ад'езду прэм'ера нiхто не зьбiраўся вяртаць былыя дарожныя паказальнiкi зь надпiсам «Лука» на свае месцы. Сярод аўтамабiлiстаў распаўсюдзiлiся чуткi пра тое, што згаданую вёску — дарэчы, адну зь буйнейшых у Кобрыньскiм раёне — улады ўсё ж вырашылi назваць па-новаму. Тым больш што прыклад ужо йснуе: у некалькiх кiлямэтрах ад Лукi iснавала вёска Быкi, назва якой ня вельмi спадабалася мясцовай «вэртыкалi». Было прынята рашэньне перайменаваць яе ў вёску Засiна. Потым вызначылiся кобрыньскiя дарожнiкi, якiя ўсталявалi шыльду, дзе гэтая назва была перакладзеная з расейскае мовы й чытаецца зараз як «Засiно» (з нацiскам на апошнi склад). Што да вёскi Лука, дык размовы пра неабходнасьць мець «больш мiлагучную назву» пачалiся адразу пасьля абраньня ў Беларусi першага прэзыдэнта (дагэтуль анiякiх заўвагаў на гэты конт не было). У мiнулым годзе ўлады ўжо спрабавалi падрыхтаваць грамадзкую думку ў пытаньнi да зьмены назвы: нават iснаваў праект рашэньня раённага выканкаму, згодна зь якiм вёска павiнна быць перайменаваная ў Дружбу, як i мясцовы племянны завод. Пра тую iдэю забылiся, але зараз Лука засталася не пазначанаю на дарожных паказальнiках. Быццам бы не йснуе больш вёскi з такой «крамольнай» для цяперашнiх беларускiх уладаў назваю. Алег Супрунюк, вёска Лука Кобрыньскага раёну
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |