RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 24 Кастрычніка 2000

Сёньня



Агляд замежнага друку. Аналізуючы наступствы саміту лідэраў арабскага сьвету ў Каіры, заходняя прэса канцэнтруе ўвагу на праблемах Блізкага Ўсходу.

Рэдакцыйны артыкул францускага штодзёньніка Derniers nouvelles d’Alsace зазначае: “Менш, чым за месяц Ізраіль дасягнуў амаль неверагоднага: здолеў настроіць супраць сябе ўвесь арабскі сьвет”. Эўрапейскія дыпляматы, вядома, тлумачаць, што пастановы, прынятыя на саміце ў Каіры, маглі б быць і горшымі. “Гэта праўда, – зазначае француская газэта, – аднак жа ў Каіры не было ўхвалена ніякіх канкрэтных захадаў, рэальна небясьпечных для Ізраілю. Прынятыя дэклярацыі толькі падаграюць і без таго атручаную атмасфэру.”

Гішпанская газэта El Mundo працягвае гэтую тэму: “Каірская дэклярацыя толькі прадэманстравала брак адзінства паміж арабскімі народамі ў пытаньні суіснаваньня з Ізраілем. Аднак, Ізраіль існуе, незалежна ад таго, як дзейнічаюць ягоныя лідэры – а палестынскае насельніцтва ўсё больш павялічваецца, патрабуючы сваёй уласнай дзяржавы. Мы цяпер знаходзімся ў сытуацыі, калі колькасьць тых, хто патрабуе вайны, усё большае. У гэты час урады павінны ўпарта працаваць над такім рашэньнем, якое б выключала праліцьцё крыві”, – завяршае гішпанская газэта El Mundo.

Ірляндзкая “Irish Times” уважае, што арабскі саміт “пакінуў дзьверы адчыненымі для аднаўленьня Блізкаўсходняга мірнага працэсу, нягледзячы на гвалт апошніх дзён і тыдняў”. Газэта адзначае, што “арабскія дзяржавы асудзілі палітыку Ізраілю, не заклікаўшы, аднак, да разрыву дыпляматычных дачыненьняў зь ім”. Газэта сьцьвярджае: “Палестынскі лідэр Арафат павінен выбраць паміж перамовамі і працягам гвалту. Працягнуць сваё палітычнае жыцьцё ён можа, толькі спыніўшы гвалт. Аднак, гэта цяжка: пратэсты ўжо выйшлі з-пад кантролю, і іхная дынаміка можа хутка прывесьці рэгіён да вайны,” – зазначае Irish Times.

Брытанская Guardian рашуча асуджае тое, што Ізраільскі бок забівае палестынскіх дзяцей, якія кідаюць у ізраільскіх жаўнераў камянямі. У той жа час Guardian не выключае, што самі палестынцы спрыяюць такім выпадкам. “Іхная палітыка не скіраваная на тое, каб абараніць жыцьцё, альбо зьменшыць напружанасьць. Яны ня робяць ніякай спробы спыніць дзяцей і падлеткаў, дазваляюць ім не хадзіць у школу і правакаваць ізраільцянаў, выклікаючы на сябе вагонь,” – піша Guardian.

Сёньняшні рэдакцыйны артыкул у New York Times адзначае, што “хаця выніковая дэклярацыя асуджае Ізраіль і заклікае арабаў устрымацца ад навязваньня новых дыпляматычных і эканамічных стасункаў з Ізраілем, але яна абыходзіць маўчаньнем мірныя дамовы, ужо падпісаныя Эгіптам і Ярданіяй з габрэйскай дзяржавай. Прэзыдэнт Эгіпту і кароль Ярданіі сьмела пацьвердзілі справай сваю веру ў дамову аб усеабдымным мірным працэсе – у той час як Арафат толькі на словах выступае за ўсталяваньне сталага і ўсеабдымнага міру,” – зазначае сёньняшняя New York Times.

Алена Радкевіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org