RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня:



(эфір 23 кастрычніка)
Выканаўчы дырэктар Міжнароднае лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык днямі наведала Беларусь. Яна сустрэлася зь лідэрамі палітычных партыяў, праваабаронцамі й жонкамі зьніклых палітыкаў. Прапануем інтэрвію нашае карэспандэнткі з Кэтрын Фіцпатрык.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Фіцпатрык, распавядзіце, калі ласка, пра мэту вашага візіту?”

(Фіцпатрык: ) “Мы наведалі Беларусь пасьля выбараў, каб высьветліць становішча ў галіне правоў чалавека, якое цяпер усталявалася ў краіне. Нас хвалюе лёс арганізатараў “Маршаў Свабоды”. Ці будзе працягвацца іхны перасьлед? Ці будуць і далей іх прыцягваць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці? Нас непакоіць сытуацыя, у якую трапіла друкарня “Мэджык” у пэрыяд выбарчае кампаніі. Апроч таго, нас хвалюе тое, што людзей, якія агітавалі за байкот выбараў, затрымлівалі, кідалі ў пастарункі, каралі штрафамі ды арыштамі”.

(Карэспандэнтка: ) “З кім Вы мелі сустрэчы?”

(Фіцпатрык: ) “Мы былі абмежаваныя ў часе. Візыт разьлічаны на два дні. Сустракаліся зь лідэрамі палітычных партыяў — Лябедзькам, Вячоркам. З прадстаўнікамі грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў — “Хартыя’97”, “Вясна”. Сустрэліся з жонкамі палітвязьняў, мелі размову з жонкаю Віктара Ганчара. На жаль, пра справы зьніклых было ня вельмі чутна напярэдадні й пад час выбараў. І гэта нягледзячы на тое, што была ж і ўмова АБСЭ напярэдадні выбараў, каб высьветліць лёс гэтых людзей, даць зьвесткі пра тое, як вядзецца сьледзтва, каб быў зрух у гэтым пытаньні”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьмянілася становішча з правамі чалавека ў Беларусі з моманту Вашага апошняга візыту?”

(Фіцпатрык: ) “Становішча значна пагоршылася. Вызначылася тэндэнцыя да пагаршэньня. Гэта і перарэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў, партыяў і прафсаюзаў, падаткавыя інспэкцыі ў выдавецтвах, арышты накладаў некаторых незалежных газэтаў. Абяцанае гэтак званае перамір’е на пэрыяд выбараў не захоўвалася. Людзей, якія заклікалі да байкоту, каралі, як парушальнікаў адміністрацыйнага заканадаўства.

А што тычыцца пазытыўных зрухаў, дык гэта не заслуга рэжыму Лукашэнкі, што людзі пачалі больш актыўна змагацца за свае правы. Вельмі важна, каб гэта было ўнутры краіны, а не па-за межамі. І гэта станоўчы момант”.

(Карэспандэнтка: ) “Ваша арганізацыя мае нейкія рычагі ўзьдзеяньня, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?”

(Фіцпатрык: ) “Найперш мы намагаемся паўплываць на амэрыканскі ўрад, бо знаходзімся ў Амэрыцы. Мы — міжнародная арганізацыя, у нас філіі па ўсім сьвеце. Мы працуем у межах ААН і АБСЭ. Мы здолелі прыцягнуць увагу да Беларусі пад час слуханьняў у Кангрэсе. Хутка ў ААН будзе слухацца даклад у пытаньні Беларусі ў Камітэце супраць катаваньняў. Мы спадзяемся там прыцягнуць увагу да становішча з палітвязьнямі і ўмоваў утрыманьня ў беларускіх турмах. Нашая задача — прыцягнуць увагу тых, хто мае рычагі ўплыву — гэта ЗША, Эўропа (АБСЭ). Мы прымусілі АБСЭ гучней казаць пра парушэньні правоў чалавека, адкрыць web-site. Але ў гэтым заслуга й вашых людзей. Мы ўдзячныя ім за падтрымку”.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org