RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 24 Кастрычніка 2000

Сёньня



Міхал Чыгір абвесьціў пра сваё рашэньне ня ўдзельнічаць у другім туры выбараў у лукашэнкавы “парлямэнт”. Экс-прэм’ер перакананы, што ўлады сфальшавалі вынікі выбараў у акрузе, дзе ён балятаваўся, і таму ён ня бачыць для сябе магчымым удзельнічаць ў “выбарчым спэктаклі”.

Міхал Чыгір ня будзе ўдзельнічаць ў другім туры выбараў, якія ён лічыць “зарганізаваным уладамі спэктаклям”. Сёньня экс-прэм’ер, які паводле дадзеных Цэнтральнае выбарчае камісіі прайшоў у другі тур выбараў разам з Натальляй Машэравай, правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой агалосіў сваё канчатковае рашэньне сыйсьці з выбарчае дыстанцыі.

Чыгір заявіў, што на ягоным выбарчым участку на самрэч выбары не адбыліся. Паводле дадзеных, якія ў дзень выбараў прадастаўлялі Чыгіру ды ягонай камандзе прадстаўнікі ўчастковых камісіяў і назіральнікі, яўка склала ня больш за 47 адсоткаў, аднак уначы акруговая камісія шляхам маніпуляцыяў са сьпісамі зьнізіла колькасьць выбаршчыкаў ажно на 6 тысячаў. Так атрымаліся неабходныя для прызнаньня выбараў адбыўшыміся больш за 50 адсоткаў прагаласаваўшых выбаршчыкаў.

Гэта камандзе Чыгіра стала вядома непасрэдна ад асобных сяброў акруговае камісіі.

(Чыгір: ) “У нашай выбарчай акрузе ёсьць прынцыповыя людзі, якія, я думаю, канчаткова пратакол не падпісалі. Там зьявіліся рознагалосьсі. Адны былі, каб выканаць загад зьверху, а другія з гэтым не пагадзіліся. Па копіях пратаколаў відавочна, што выбары ў 102-й акрузе не адбыліся”.

 Заявіў Міхал Чыгір.

Ён выказаў шкадаваньне, што ня зможа прадстаўляць ў парлямэнце інтарэсы тых грамадзянаў, якія за яго галасавалі і яму паверылі, і гэтае пачуцьцё нязробленага — адзіны мінус ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Але па вялікім рахунку экс-прэм’ер не шкадуе, што браў удзел у выбарах, якія бальшынёў апазыцыянэраў байкатаваліся адпачатку:

“Я бліжэй пазнаў тысячы простых людзей і магу з большай ўпэўненасьцю казаць, што разумею іхныя патрэбы ды інтарэсы. Другое, я і мая каманда атрымалі выдатны досьвед змаганьня на выбарах”, — лічыць Міхал Чыгір.

Ён не адмаўляецца ад былых плянаў удзельнічаць ў змаганьні за прэзыдэнцкую пасаду, але ўдакладняе, што яму патрэбная не пасада, а магчымасьць выправіць да лепшага становішча ў краіне. Парлямэнцкія выбары дапамаглі яму пераканацца, што трэба дамагацца зьменаў ўмоваў правядзеньня выбараў, інакш перамогі не атрымаць. Ня толькі на выбарчых участках, але й ва ўсіх выбарчых камісіях мусяць быць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў — зрабіў выснову Міхал Чыгір.

А таксама ён кажа пра тое, што пры сёньняшняй манаполіі ўлады на электронныя СМІ няма чаго казаць пра роўнасьць кандыдатаў у прэзыдэнты. Да гэтага Міхал Чыгір дадаў: “інакш ўжо цяпер лепш заявіць пра непрызнаньне вынікаў такіх прэзыдэнцкіх выбараў”.

Адносна сытуацыі, калі аб’яднаная апазыцыя не абярэ яго адзіным кандыдатам ў прэзыдэнты, Міхал Чыгір заявіў журналістам, што наўрад ці здыме сваю кандыдатуру, бо пакуль ён ня бачыць у шэрагах апазыцыі таго, хто мог бы перамагчы Лукашэнку. Але калі такі чалавек зьявіцца, Чыгір, паводле ягоных словаў, гатовы зь ім супрацоўнічаць і не перашкаджаць.

Падсумоўваючы свой выбарчы марафон, Міхал Чыгір заявіў для радыё Свабода:

(Чыгір: ) “Урок вельмі цяжкі. Я лічу, што нашае кіраўніцтва зразумее, што ўсё такі трэба рухацца па дэмакратычным шляху. На жаль, парлямэнцкія выбары паказалі, што нашае кіраўніцтва да дэмакратыі не гатовае. Ёсьць толькі заявы з экрана і ня больш за тое. Застанецца такі ж парлямэнт, які быў, які будзе працаваць, як мне сказаў адзін журналіст, …як КДБ, і мы ня ведаем, што яны там прымаюць, за што галасуюць… Рознагалосьсяў з прэзыдэнтам няма, а адсюль выснова – калі парлямэнт працуе і выконвае ўсе загады адміністрацыі прэзыдэнта, дык навошта падаткаплацельшчыкі плоцяць грошы на яго ўтрыманьне?”

Казаў экс-прэм’ер і экс-кандыдат у дэпутаты лукашэнкавага парлямэнту Міхал Чыгір.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org