RFE/RL |
Аўторак, 24 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Намесьнікі старшыні Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Павал Данэйка ды Аляксандар Дабравольскі на сёньняшнім паседжаньні палітычнае рады прэзэнтавалі грунтоўны плян-сцэнар будучае прэзыдэнцкае кампаніі. Стратэгія ўключае ў сябе пошук адзінага кандыдата ад палітычнай апазыцыі, распрацоўка ягонае выбарчае праграмы, дапамога ў зборы неабходных ста тысячаў подпісаў дзеля рэгістрацыі, і, нарэшце, падрыхтоўка да непасрэдна выбарчае кампаніі. Прамоўцы падкрэсьлівалі, што сцэнар мусіць вызначацца навізною, але адначасова павінны быць улічаныя і ўрокі як першае прэзыдэнцкае кампаніі, гэтак і цяперашніх выбараў у “Палату прадстаўнікоў”. Прыкладам, каб ахапіць дзейсным кантролем усе выбарчыя ўчасткі, у наступным годзе спатрэбіцца 21 тысяча назіральнікаў. Для параўнаньня нагадаю, што на выбарах у “палату” іх было менш за 6 тысячаў. Таму займацца ўсімі справамі, якія зьвязаныя з выбарамі кіраўніка беларускае дзяржавы, трэба пачынаць як мага раней, каб эфэкт быў сапраўдным. Міхал Пліска зазначыў, што перамога на будучых выбарах ня будзе магчымаю праз намаганьні адной толькі дэмакратычнай апазыцыі — на свой бок трэба за той час, які яшчэ ёсьць, перацягнуць сярэдні пласт беларускае намэнклятуры. Выказвалася й такая думка — ня трэба шукаць адзінага кандыдата зь ліку шырокавядомых апазыцыйных палітыкаў, бо гэта зрабіць будзе вельмі цяжка. Ды і ўвогуле, трэба арыентавацца на “свайго Каштуніцу” — чалавека, які на сёньняшні дзень зьвязаны нейкім чынам з уладнымі або каляўладнымі структурамі. Вось што гаворыць на гэты конт удзельнік сёньняшняга паседжаньня сябра палітычнае рады АГП Вячаслаў Герасіменка: (Вячаслаў: ) “Былі намечаныя два шляхі. Першае, гэта зьвярнуцца да прадстаўнікоў, кіраўнікоў іншых палітычных партыяў з мэтай выпрацоўкі сыстэмы па вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Адругі сцэнр – калі раптам ня ўдасца зрабіць стаўку на дэмакрата, дык тады гэта можа быць прадстаўнік ад уладных структураў, магчыма, нейкі гаспадарнік. Ва ўсялякім разе, на сёньня адназначна сказаць нельга, але дэмакраты, па-мойму, зрабілі правільны крок, што яны, з аднаго боку, дэмакратычны кірунак трымаюць, а з другога – не забываюць і аб тым, што першую прыступку, магчыма, давядзецца пакласьці не зусім дэмакратычную, а другая будзе чыста дэмакратывчная”. Гэта быў сябра палітычнае рады АГП Вячаслаў Герасіменка. Удзельнікі паседжаньня прынялі адмысловую пастанову, згодна зь якою створана адмысловая рабочая група ў падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў на чале з Паўлам Данэйкам. Сябрам партыі даручана пачаць працу ў падрыхтоўцы сяброў акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў, працягнуць падбор і падрыхтоўку назіральнікаў. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |