RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Плян буйнамаштабнага экспарту расейскага газу ў Эўропу праз тэрыторыю Беларусі абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам пасьля ягоных перамоваў у Сочы з Уладзімерам Пуціным.

Паводле словаў Лукашэнкі, ужо ў блізкім часе сочынскія дамоўленасьці з Пуціным будуць увасобленыя ў міждзяржаўны кантракт паміж Масквою і Менскам. Кантракт зьявіцца штуршком для будаўніцтва ў Беларусі новага трансмагістральнага газаводу. Ягоная адметнасьць — вялізныя аб’ёмы паліва, якое Расея зьбіраецца экспартаваць у краіны Эўрапейскага Зьвязу.

На думку назіральнікаў, сочынскія дамоўленасьці тычацца намеру Масквы перагледзець сваю газаэкспартную палітыку. А менавіта: накіраваць экспартны маршрут, мінаючы Ўкраіну. Альтэрнатыва такому кірунку — газавод, які можа пралегчы празь Беларусь, Польшчу й Славакію. Расейскія пляны выклікаюць сёньня вялікую заклапочанасьць афіцыйнага Кіеву.

Уважліва сочаць за разгортваньнем падзеяў вакол альтэрнатыўнага маршруту і ў нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі “Нафтагаз Украіны”. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё прадстаўнік гэтае кампаніі Ўладзімер Галаўко:

“Тое, што будзе пракладзена пра тэрыторыю Беларусі — гэта адна частка пытаньня. Другая частка ў тым, што Польшча й Славакія адмовілі Расеі ў прадастаўленьні сваіх тэрыторыяў для будаўніцтва гэтага газаводу. Ва ўсялякім разе, на сёньняшні дзень іхная пазыцыя, паводле нашых зьвестак, не зьмянілася. Яны разумеюць, што ў процілеглым выпадку Расея атрымае магчымаць дыктаваць волю сваім былым партнэрам у СССР. Сёньня гэта разыгрываецца як палітычная карта. Ціск на кіраўніцтва Ўкраіны”, — мяркуе Ўладзімер Галаўко.

Як вядома, Масква аргумэнтуе пляны пераарыентацыі свайго газавага экспарту тым, што Ўкраіна нібыта займаецца несанкцыянаваным адборам расейскага паліва. Інакш кажучы, крадзе са згоды ўладаў. Прадстаўнік “Нафтагазу Ўкраіны” назваў гэта выдумкаю. Паводле ягоных словаў, паказьнікі газавых лічыльнікаў сьведчаць, што гэтакае праблемы на самрэч не йснуе. Уладзімер Галаўко паведаміў, што зараз Украіна атрымлівае ад транзыту ў краіны Эўрапейскага Зьвязу расейскага газу прыкладна 30 мільярдаў кубічных мэтраў паліва.

Відавочна, што вынікам пераарыентацыі расейскага экспарту будзе пераразьмеркаваньне транзытнага паліва на карысьць Беларусі. Гэтага паліва, паводле словаў Лукашэнкі, хопіць для энэргаспажываньня ўсяе краіны. У выніку беларусы, маўляў, пасьля ажыцьцяўленьня праекту будуць жыць удвая лепш, чым зараз. Зрэшты, ва Ўкраіне не выключаюць, што абвешчаны ў Сочы беларуска-расейскі праект — вынік палітычных “гульняў” Масквы й Менску. Гаворыць Уладзімер Галаўко:

“Колькі часу будзе будавацца газавод па тэрыторыі Беларусі — пытаньне адкрытае. Ці гатовая сёньня Беларусь пабудаваць на сваёй тэрыторыі газасховішчы? Таму што транспартаваньне газу на экспарт патрабуе наяўнасьці газасховішчаў. Апроч таго, будаўніцтва газаводу праз тэрыторыю Беларусі патрабуе вырашэньня шматлікіх арганізацыйных пытаньняў. Напрыклад, хто будзе абслугоўваць гэты газавод — расейская служба ці беларуская?”, — зазначыў Уладзімер Галаўко.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org