RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня



Магілеўскія вабласныя ўлады прапануюць прадпрыемствам забясьпечыць фінансаваньне новастворанага хакейнага клюбу “Магілеў”.

Гэтая навацыя немагчымая без падтрымкі кіраўніцтва краіны, для чаго сёньня выехаў у Менск начальнік вабласнога ўпраўленьня фізкультуры ды спорту Аляксей Мінкін.

У часе адкрыцьця лядовага палацу напрыканцы верасьня Лукашэнка параіў кіраўнікам вабласной і Магілеўскай гарадзкой вэртыкалі стварыць у вобласьці хакейны клюб. Ідэя была зрэалізаваная на працягу месяца. Для фармаваньня клюбу зь Менску запрасілі майстроў маладзёвай зборнай краіны. Менавіта яны, разам з магілеўскімі гульцамі, увайшлі ў склад каманды. Трэніраваць каманду ўзяўся прадстаўнік нацыянальнай зборнай па хакеі Аляксандар Шуміду.

Напярэдадні прыезду майстроў аблвыканкам накіраваў лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта і міністэрства спорту з паведамленьнем, што хакеістаў прымуць, разьмесьцяць у гатэлях і забясьпечаць фінансаваньне. Невядома, якімі эканамічнымі падлікамі кіравалася магілеўскае чыноўніцтва, бо яшчэ раней грошай не хапала як на ўтрыманьне спартовых установаў, так і на мясцовы футбольны клюб “Днепр”.

Клюб быў створаны. Хакейная кманада “Магілеў” ужо бярэ ўдзел у першынстве краіны па хакеі.

Зрэшты, хакеізацыя закранула ня толькі Магілеў, але і ўсе раёны вобласьці. Паводле рашэньня аблвыканкаму, у кожным раёне будуць фармавацца хакейныя каманды пры дзіцячых ды юнацкіх спартовых школах.

Як заявіў начальнік вабласнога ўпраўленьня фізкультуры ды спорту Аляксей Мінкін, “мы не абмяжуемся толькі адной хакейнай камандай: мы ўздымаем пытаньне пра набор трэнераў, а ня толькі аднаго зь іх, так што рэзэрвы для клюбу яшчэ ёсьць.”

Але ж абяцаньні пра належнае фінансаваньне клюбу так і ня спраўдзіліся. Першапачаткова да канца году зь бюджэту плянавалі выдзеліць больш як 100 млн. рублёў. Аднак, асноўны цяжар фінансаваньня пакуль што нясе ўпраўленьне фізкультуры ды спорту.

Яшчэ ад пачатку стварэньня клюбу чыноўніцтва ўскладала надзеі на дапамогу зь Менску праз указ Лукашэнкі. Паводле праэкту ўказу, тым прадпрыемствам, якія бяруць удзел у фінансавнаьні клюбу, будуць прадстаўленыя ільготы. Аднак, указ яшчэ не падпісаны. Тымчасам улады ўжо спрабуюць атрымаць падтрымку ад прадпрыемстваў – прыкладам, ад аб’яднаньня “Хімвалакно”.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org