RFE/RL |
Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Праваабаронца, дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Сяргей Кавалёў у інтэрвію нашай праграме ацэньвае цяперашнюю сытуацыю ў Расеі і асобу цяперашняга расейскага прэзыдэнта. На пытаньне, што можна было б лічыць найбольш яскравай праявай сутнасьці цяперашняга расейскага грамадзтва, Сяргей Кавалёў называе чачэнскую вайну. “Гісторыя масавай падтрымкі вайны ў Чачні і гісторыя абраньня Пуціна прэзыдэнтам – гэта адна і тая ж гісторыя”, кажа Сяргей Кавалёў. Праваабаронца называе тры фактары, якія паўплывалі на масавую падтрымку цяперашняй чачэнскай вайны расейскім грамадзствам. Гэта гандаль закладнікамі ў Чачні, інтэрвэнцыя баевікоў ў Дагэстан і выбухі жылых дамоў ў Маскве, Буйнакску і Валгадонску. Аднак, аналіз гэтых фактараў дае часам даволі нечаканыя высновы. Напрыклад, захоп закладнікаў. Пра гэта не гаворыцца ў расейскай прэсе, але 90 адсоткаў ўсіх закладнікаў – гэта былі этнічныя чачэнцы. Гэты ганебы бізнес (сярод ягоных арганізатараў Кавалёў называе Арбі Бараева) стаў сродкам існаваньня для даволі значнай колькасьці людзей. Сытуацыю, паводле словаў Кавалёва, імкнуўся выправіць прэзыдэнт Масхадаў. У траўні 1999 году Масхадаў накіраваў у Маскву свайго афіцыйнага прадстаўніка, які павінен быў абмеркаваць з кіраўнікамі сілавых ведамстваў канкрэтны плян барацьбы з бандытамі, што захопліваюць закладнікаў. Але ў аэрапорце прадстаўнік быў арыштаваны і на некалькі тыдняў кінуты ў Лефортава, пасьля чаго высланы ў Чачню. Масхадаў, паводле Кавалёва, апынуўся ў даволі складанай сытуацыі супрацьстаяньня паміж рознымі ўзброенымі чачэнскімі групоўкамі, зь якіх толькі траціна падтрымлівала Масхадава. Паўторым, гаворка ідзе менавіта пра ўзброеныя падразьдзяленьні. Масхадаў, лічыць Кавалёў, сам стаў закладнікам уласнай “звышмэты” – запабегчы грамадзянскай вайны на чачэнскай тэрыторыі. Да таго ж ён апынуўся, фактычна, у міжнароднай ізаляцыі – ён не адчуваў падтрымкі ад Захаду, штог магло б яму істотна дапамагчы ў супрацьстаяньні з тымі, для каго закон не існаваў. Пазыцыю ж Захаду Сяргей Кавалёў тлумачыць нежаданьнем псаваць адносіны з Масквой. Што тычыцца трагэдыі з выбухамі ў Маскве і ў расейскіх гарадах, дык пакуль няма ніякіх доказаў таго, што тэракты арганізавалі чачэнцы, – нагадвае Кавалёў. – Гэтакжа як нішто не пацьвярджае і іншую вэрсію – што гэтыя выбухі былі нібыта арганізаваныя ФСБ ці іншымі расейскімі спэцслужбамі. У такой сытуацыі, лічыць праваабаронца, трэба абапірацца на права. А яно мае, як мінімум, два прынцыпы. Першы – гэта прэзумпцыя невінаватасьці. Другі – сьледзтва павінна прааналізаваць усе без выключэньня існуючыя вэрсіі. Можна не сумнявацца, што другую вэрсію – датычнасьць да выбуху спэцслужбаў – сьледзтва не аналізавала. Ва ўсялякім разе, пра такі аналіз не паведамлялася. “Мы ня ведаем, хто арганізаваў выбухі, – кажа Кавалёў, – але дакладна ведаем, хто іх выкарыстаў. Выкарыстаў іх Крэмль, каб выклікаць нянавісьць супраць Чачні і прывесьці Пуціна ў Крэмль”. Ацэньваючы асобу цяперашняга расейскага прэзыдэнта, былы дысыдэнт, паплечнік Андрэя Сахарава, які правёў не адзін год у зьняволеньні, зьвяртае ўвагу на тое, што Пуцін не саромеецца свайго “кагэбэшнага мінулага”. “Уявіце сабе, – кажа Кавлёў, – што ў ФРГ фэдэральным канцлерам зрабіўся былы афіцэр СС. Уявіце сабе рэакцыю усясьветнай супольнасьці, палітыкаў, прэсы, праваабарончых арганізацыяў. І ўявіце, што на пытаньне журналіста: “Як вы цяпер ацэньваеце сваю мінулую дзейнасьць”, – гэты чалавек адкажа: “Я ёй ганаруся!”. Аналёгіі, як кажуць, відавочныя. Прагназуючы далейшае разьвіцьцё сытуацыі, Кавалёў дапускае два варыянты. Першы – гэта працяг вайны, якая з чачэнскага боку ўжо цяпер носіць характар партызанскай. Партызанскую вайну выйграць немагчыма. Ёсьць толькі адзін спосаб выйграць партызанскую вайну – генацыд, – нагадвае Кавалёў. Дарэчы, ён не выключае, што ў выпадку няўдачы ў Чачні Крэмль можа кампэнсаваць уласную паразу ў расейскай масавай сьвядомасьці далучэньнем да Расеі Беларусі. А другі варыянт – перамовы. Пры гэтым Сяргей Кавалёў нагадвае, што ніякія перамовы не бываюць простымі, таму што перамовы пра мір заўсёды вядуць не з сябрамі, а з ворагамі. І ў тым выпадку, калі Захад зойме прынцыповую пазыцыю ў адносінах з Масквой, шанец на мірны варыянт для Чачні, лічыць Кавалёў, ўсё яшчэ застаецца. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |