RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 21 кастрычніка)
Удзельнікі чарговага паседжаньня соймаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і партыі БНФ сёньня ўхвалілі крытэры падбору кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі і прынялі зварот да беларускага народу і міжнароднай супольнасьці з нагоды вынікаў 1-га туру выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў».

На думку сябраў БНФ адзіны ад дэмакратычнай апазыцыі кандыдат у прэзыдэнты мусіць мець непахісную незалежніцкую пазыцыю, быць гатовым да рэформаў, дацэньваць ролю беларускай культурнай умовы, дасканала валодаць дзяржаўнай моваю. У шэрагу сфармуляваных крытэраў зьвяртаюць увагу такія характарыстыкі для будучага прэзыдэнта як прэзэнтабельны выгляд, камунікабельнасьць, прымальнасьць для сталіцы й рэгіёнаў, аўтарытэт сярод розных элітаў.

Гэтыя крытэры партыя БНФ прапанавала сваім хаўрусьнікам у палітычнай апазыцыі. Але рэакцыі зь іхнага боку пакуль няма. Сябра Сойму партыі БНФ кажа, што яшчэ ня складзены й сьпіс асобаў, якія адпавядалі б гэтым патрабаваньням.

(Саверчанка: ) “Аўтарытэтных, падрыхтаваных мэнэджараў, людзей здатных выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы, у нашай краіне дастаткова”.

На сойме таксама падсумоўваліся вынікі тактыкі дзеяньняў БНФ цягам выбарчае кампаніі ў гэтак званую «Палату прадстаўнікоў». Старшыня БНФ Вінцук Вячорка перакананы, што кампанія «Байкот–2000» была плённаю.

(Вячорка: ) “Упершыню за некалькі год мы можам не хаваючы вачэй сьцьвердзіць – ёсьць палітычная перамога, самая натуральная перамога, самае натуральнае пераняцьцё палітычнай ініцыятывы ў рэжыма. Наш палмітычны разьлік аказаўся дакладным. Насуперак скавытанью афіцыёзнай прапаганды, насуперак расейскім і, на жаль, нямецкім інтрыгам, байкот лукашэнкаўскага выбарчага фарсу адбыўся. Гэта першы беларускі байкот, які ўдаўся ў ХХ стагодзьдзі”.

Ва ўхваленым звароце да беларускага народу й міжнароднае супольнасьці Сойм БНФ “Адраджэньне” выказвае падзяку міжнароднай супольнасьці, урадам эўрапейскіх краінаў, ЗША й Канады, якія не прызналі выбары 15 кастрычніка свабоднымі й справядлівымі.

“15 кастрычніка 2000 году апошні дыктатар Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы зрабіў спробу ўзаконіць вынікі дзяржаўнага перавароту 1996 году праз выбары ў гэтак званую палату прадстаўнікоў, — гаворыцца ў звароце, — У выніку беларускі народ падтрымаў нас, масава не прыйшоўшы на псэўдавыбары, а прамаскоўскі рэжым пацярпеў сакрушальную паразу”.

З таго, што выбарчая кампанія ў лукашэнкаву палату прадстаўнікоў працягваецца, сойм пацьвердзіў і працяг сваёй кампаніі «Байкот–2000»: актывісты Беларускага Народнага Фронту будуць, як і раней, зьбіраць подпісы пад патрабаваньнем да ўладаў выканаць 4 умовы АБСЭ. Магчыма, бліжэйшым часам, яны таксама паспрабуюць дамагчыся пакараньня праз суд сяброў выбарчых камісіяў, якія, як лічыць БНФ, сфальшавалі вынікі галасаваньня 15 кастрычніка.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org