RFE/RL |
Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
(эфір 21 кастрычніка) Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. Урад і вэртыкальныя чыноўнікі на ўсіх узроўнях у гэтыя дні праводзяць чарговую кампанію за завяршэньне падрыхтоўкі да ацяпляльнага восеньска-зімовага сэзону. Але шэраг паказьнікаў абвяргае пасьпяховасьць гэтае барацьбы. Дагэтуль міністэрствам ды ведамствам разам зь Беларускай чыгункаю не ўдалося закупіць і завезьці ў гарады й пасёлкі неабходныя запасы паліўнага мазуту. Сёньня ў краіне бракуе каля 200 тысячаў тонаў гэтага паліва, а гэта — 30% ад патрэбнага аб’ёму. Непакоіць урад на пачатку ацяпляльнага сэзону і імклівы рост цэнаў на нафту, а таксама рост запазычанасьці за энэрганосьбіты. Да сярэдзіны кастрычніка цана аднае тоны нафты ўзьляцела да 170 даляраў замест 110 даляраў 3-4 месяцы таму. Чакаецца скарачэньне паставак газу. Паводле ацэнак расейскіх газавікоў у будучым годзе здабыча газу “Газпромам” Расеі зьменшыцца на 15-20 млрд. кубамэтраў. Суседняя краіна, нашая хаўрусьніца, выйсьце знайшла — яна будзе купляць паліва ў Туркмэніі ды гэтакім чынам пакрые ўнутраны дэфіцыт газу памерам 18-23 млрд. кубамэтраў. Але ў выніку ўзьнікае пагроза скарачэньня паставак газу ў Беларусь, і, натуральна, падвышэньня цаны за яго. Зараз нашая краіна плоціць за 1000 кубамэтраў газу 30 даляраў. Тым часам Расея запатрабавала ад Украіны плаціць за газ па тарыфах усясьветнага ўзроўню — 103 даляры за 1000 кубамэтраў. Відавочна, што Расея перагледзіць цэны й для Беларусі. Магчыма, для нас яны ня будуць падвышаныя да такой велічыні, але на 20-30 даляраў — цалкам верагодна. Але й гэтага дастаткова, каб парушыць усе гаспадарчыя прапорцыі ў краіне. Тым болей, што запазычанасьць за ўжо пастаўлены газ, якая дасягнула на сярэдзіну кастрычніка 275 млн. даляраў, ніяк не скарачаецца. Адчуваючы пагрозу зьмяншэньня паставак паліўнае мазуты й газу, а таксама падвышэньня цаны, дзяржаўны канцэрн “Белэнэрга” на даручэньне ўраду правёў перамовы з кампаніямі “Единые энергетические системы России” і “Letuvios Energia” ў павелічэньні паставак электрычнасьці. Нібы дамовіліся, але надзейнасьці няма, бо на сёньня запазычанасьць за расейскую электраэнэргію складае 23 млн. даляраў, а за летувіскую — каля 60 млн. даляраў. Урад непакоіць і рост унутранае запазычанасьці за энэрганосьбіты, якая дасягнула пагражальных памераў: за прыродны газ 280 млрд. рублёў, за электрычную электраэнэргію звыш 100 млрд. рублёў. Невыпадкова на апошнім паседжаньні ўраду, калі разглядалася падрыхтоўка да ацяпляльнага сэзону, кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын заявіў: “Дармавая раздача скончаная. Энэргарэсурсы трэба не разьмяркоўваць, а купляць”. І тут жа кіраўнік ураду запатрабаваў ад гаспадарнікаў у бліжэйшыя дні пакрыць бягучую і пратэрмінаваную запазычанасьць за скарыстаную энэргію. Але што можа даць гэтае патрабаваньне, калі адначасова ёсьць грозныя папярэджаньні адносна выплаты заробкаў, падаткаў, пагашэньня крэдытаў ды іншых плацяжоў. З прычыны дэфіцыту грашовых рэсурсаў дзеля закупкі энэрганосьбітаў колькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне пра павелічэньне абавязковае продажы валюты прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці з 30% валютнае выручкі да 40%. Што гэта дасьць — невядома. Бо пры адзіным валютным курсе, калі гэта факт, а ня форма, урад і бяз гэтага можа набываць валюту. А вось абмежаваньне прадпрыемстваў вольна распараджацца сваімі рэсурсамі існуе рэальна. Цяплей ад гэтага ў нашых кватэрах ня стане. Уладзімер Кулажанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |