RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня:



У нямецкім Гановэры завяршаецца ўсясьветная выстава EXPO-2000”. Падводзячы першыя вынікі, спэцыялісты адзначаюць, што падобнага размаху ў гісторыі ўсясьветных экспазыцыяў яшчэ не было. Але беларускі павілён на EXPO выглядаў больш чым сьціпла. Днямі з Гановэра вярнуўся наш карэспандэнт Ігар Карней.

Больш за 10 гадоў Нямеччына рыхтавалася да форуму тысячагодзьдзя. Цягам гэтага часу ў цэнтры Гановэра быў узьведзены адмысловы комплекс агульнай плошчаю амаль 200 га. 180 краінаў сьвету выказалі намер прыняць удзел у выставе і, адпаведна, інвэставаць частку будаўнічых працаў.

Але падрыхтоўка не абыйшлася без скандалу: незадоўга да адкрыцьця EXPO-2000 адмовіліся браць удзел у выставе Злучаныя Штаты Амэрыкі. Нямецкі бок успрыняў заяву як зьнявагу.

Гаворыць прэсавы сакратар EXPO-2000 Франк Фінеман:

“Афіцыйнае тлумачэньне гучыць наступным чынам. Інвэстыцыі ў выставу меліся ў 4 разы перавысіць раней заплянаваныя. Пасьля гэтага амэрыканскае эканамічнае супольніцтва палічыла ўдзел у выставе неабавязковым. Але гэта сьмешна, калі няма ЗША й бяруць удзел Бангладэш ці Эрытрэя”.

Ужо зараз арганізатары форуму вымушаныя канстатаваць вялізныя страты. Надзеі на 40 млн наведвальнікаў ня спраўджваюцца, бо паводле ўсіх падлікаў, колькасьць турыстаў наўрад ці дасягне нават 20 млн. Даволі высокі кошт квіткоў — 79 DM — адштурхнуў ашчадных немцаў. Да таго ж, само EXPO не плянавалася як выстава эканамічных дасягненьняў, а было выключна канцэптуальным.

Адзначаецца, што ўжо зараз страты вагаюцца ля адзнакі 800 млн нямецкіх марак. Але й гэта сума не канчатковая, бо шэраг пабудоваў пасьля заканчэньня выставы мусіць быць зьнесеная з-за сваёй функцыянальнае непрыстасаванасьці.

Што тычыцца беларускай экспазыцыі, дык паўтары млн даляраў, якія Беларусь уклала ў будаўніцтва павілёну, вымушалі чакаць большага. Вялізны тэлеэкран, на якім дэманстраваліся кадры беларускае будзённасьці, дзе галоўным героем выступаў выключна Аляксандар Лукашэнка, прываблівалі толькі з аднае нагоды: кінахроніка цалкам паўтарала час камуністычнай ідэялёгіі. У Эўропе пра падобныя выявы ўжо забыліся.

Між іншым, кіраўнік беларускай экспазыцыі Аляксандар Паліканаў лічыць, што ўдзел ў “Экспа-2000” ня быў марнаваньнем часу. А адсутнасьць наведвальнікаў — сьвядомае супрацьстаяньне тым краінам, што штучна ствараюць надуманы ажыятаж, а значыць, і чэргі ля ўваходаў у свае нацыянальныя павілёны:

(Паліканаў: ) “Улічваючы невялікі аб’ём плошчаў, усяго 600 м2, акцэнт быў зроблены на інфармацыю ў мультымэдыйнай форме. Быў створаны інфармацыйны цэнтар з базаю дадзеных па ўсёй Беларусі. Асноўнай часткаю экспазыцыі зьяўляюцца вялізнае відэапано й плазмавыя панэлі зь сюжэтамі з жыцьця Беларусі і натурная экспазыцыя мастакоў Цэсьлера й Войчанкі “12 з XX” — 12 вялікіх асобаў, якія ўнесьлі найбольшы ўклад у разьвіцьцё чалавецтва і ўскосна нашае краіны”.

Дарэчы, ніводнаму вялікаму беларусу месца ў экспазыцыі чамусьці не знайшлося.

Наступны глябальны форум адбудзецца празь пяць гадоў у Японіі. Удзел беларускай экспазыцыі пакуль не разглядаецца. Таксама, як не ацэньваецца мэтазгоднасьць удзелу беларускае дэлегацыі ў Гановэры.

Ігар Карней, Гановэр–Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org