RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000

Сёньня



У наступную нядзелю ў 56 акругах пройдзе паўторнае галасаваньне за кандыдытаў у дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”.

Вынікі гэтых выбараў лёгка прадказальныя — галасаваньне ў другім туры вымагае яўкі ня менш як 25 адсоткаў выбаршчыкаў, пры гэтым ніхто асабліва ня будзе назіраць за ім. Ніякай інтрыгі тут не прадбачыцца, бо бальшыня апазыцыйных кандыдатаў засталася за бортам гэтае кампаніі.

Кіраўнік незалежнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб зазначыў радыё Свабодзе, што у другім туры назіраньне будзе праводзіцца імі толькі выбарачна, у тых акругах, дзе засталіся больш-менш дэмакратычныя кандыдаты. Такіх, паводле падлікаў Мечыслава Грыба, усяго каля дзясятка: Міхал Чыгір, Уладзімер Навасяд, Вольга Абрамава, тры кандыдаты, якіх падтрымлівае “Народная Грамада”, ды яшчэ некалькі камуністаў з партыі Калякіна. Хоць шанцаў на перамогу ў іх, лічыць Мечыслаў Грыб, няма, але няхай паспрабуюць. Цалкам верагодна, што ў цяперашніх умовах ўладам складана будзе дамагчыся й 25–адсоткавай яўкі выбаршчыкаў.

Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Людзей можа і не прыйсьці 25%. Але калі ўжо ёсьць вопыт рабіць гэтую яўку, тут ужо пытаньняў няма. Зьверху абрэжуць, зьньзу падрэжуць, падкінуць бюлетэняў – дый паехаў…”

Мечыслаў Грыб паведаміў, што Кардынацыйная рада аспрэчвае ў Цэнтральнай выбарчай камісіі факт яўкі ў першым туры больш як паловы выбаршчыкаў у 24 акругах. Разам з тымі 13 акругамі, дзе афіцыйна прызнана, што выбары не адбыліся, гэта больш як траціна ад складу “Палаты прадстаўнікоў” і дастаткова, каб юрыдычна аспрэчыць яе фармаваньне. Гэтыя скаргі ЦВК мусіць разгледзець да другога туру галасаваньня.

Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Мы апратэстоўваем па тых акругах, дзе мы наглядалі і дзе мы маем пісьмовыя матр’ялы. Таму што проста на сваіх эмоцыях рабіць апратэставаньне немагчыма. Хаця й у гэтае апратэставаньне мы таксама ня верым, таму што апэлюем да тых уладаў, якія самі парушылі гэты закон”.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі тым часам паведамілі, што ніхто з тых “замежных назіральнікаў”, якія былі на першым туры 15 кастрычніка, не пацьвердзіў сваё жаданне папрысутнічаць і на другім. Такім чынам, назіральнікаў з-за мяжы ня будзе.

Ня будзе назіральнікаў і Народнае Грамады, Лібэральна-Дэмакратычнае партыі. Кіраўніцтва ЛДП адклікала таксама ўсіх сваіх сяброў з акруговых і участковых выбарчых камісіяў, а таксама кандыдата ад ЛДП — вядомага бізнэсоўца Аляксея Ваганава, які прайшоў у другі тур. Праўда, яшчэ невядома, якое рашэньне прыняў сам Ваганаў. Адклікала ЛДП й сябра ЦВК з дарадчым голасам Валяр’яна Халімава.

Гаворыць лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч:

(Гайдукевіч: ) “У нас сябра так званага ЦВК здаў пасьведчаньне, напісаў заяву, што на ягоных вачах 15-16 адбылася грубейшая фальсыфікацыя перадвыбарчай кампаніі. А Ярмошына сёньня даслала ліст, што мы, маўляў, вас усё роўна пакідаем, бо патрэбен асобны ўказ прэзыдэнта. На што Халімаў цяпер рыхтуе заяву, якая пойдзе заўтра ў прэсу.”

Гэта быў Сяргей Гайдукевіч. А вось сябры выбарчых камісіяў ад апазыцыйнае Партыі камуністаў будуць працягваць працу, як і нешматлікія кандыдаты ад гэтае партыі, што прабіліся ў другі тур.

Гаворыць другая сакратарка Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “У другі тур у нас выйшла 4 чалавекі – усе яны займаюць 2-я месцы. Не прынятае рашэньне аб тым, каб нашыя кандыдаты здымалі свае кандыдатуры, бо калі за кандыдата ад партыі прагаласавала 10-12 тыс. чалавек, і сёньня ён скажа, што я, маўляў, здымаю сваю кандыдатуру, то тым самым мы закладаем для сябе міну на будучае. Партыя ня будзе назіраць за выбарамі ў другім туры, таму што ў такой сытуацыі – ці назірай, ці не назірай – абсалютна ня мае значэньня.”

Гэта была Алена Скрыган. Яна, як і многія іншыя палітыкі, што ўдзельнічалі ў гэтай выбарчай кампаніі, цяпер лічыць, што ў “Палаце прадстаўнікоў” № 2 ніякіх апазыцыйных дэпутатаў, а тым больш фракцыяў, ня будзе.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org