RFE/RL |
Панядзелак, 23 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” атрымала дазвол на правядзеньне 29 кастрычніка шэсьця па вуліцах Менску й мітынгу ў Курапатах з нагоды дня памяці продкаў “Дзяды”. Праўда, пры гэтым улады зьмянілі мейсца збору ўдзельнікаў акцыі. Кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” у сваёй заяўцы на правядзеньне 29 кастрычніка шэсьця па вуліцах Менску ў Курапаты й мітынгу-рэквіему там пазначала мейсцам збору ўдзельнікаў акцыі пляц перад галоўным корпусам Нацыянальнай Акадэміі навук. Плянавалася, што адтуль па праспэкце імя Францішка Скарыны калёна рушыць у бок ляснога ўрочышча, у якім у 1937-41 гадох сталінскі рэжым чыніў масавае забойства бязьвінных людзей. Пра што грамадзкасьць даведалася ў 1988 году з публікацыі Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва ў газэце “ЛіМ”. Менскі гарадзкі выканкам дазволіў шэсьце ў Курапаты, аднак, перанес мейсца збору ўдзельнікаў у сквэр ля гадзіньнікавага заводу на вуліцы Талбухіна. Арганізатары ня бачаць у гэтым нічога надзвычайнага. Яны задаволеныя самім фактам дазволу традыцыйнага памінальнага шэсьця. Аднак частка людзей, безумоўна, будзе зьбірацца ў абвешчаным раней мейсцы і ў адносінах да іх ня выключаныя правакацыйныя дзеяньні. Вось што сказаў на гэта ў інтэрвію вашаму карэспандэнту прэсавы сакратар грамадзкага аб’днаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” Валеры Буйвал: (Буйвал: ) “Па-першае, мы будзем запрашаць людзей менавіта ў сквэр на Талбухіна непадалёк ад станцыі мэтро Парк Чалюскінцаў, і мяркуем, што большасьць зьбярэцца ўсё ж такі там. Па-другое, гэтыя ўлады мы ведаем і абавязаныя быць гатовыя да любых правакацыяў і да супрацьдзеяньня гэтым правакацыям. Мы жывем ва ўмовах дыктатарскага рэжыму, які не шануе ані нашыя народныя сьвяты, ані хрысьціянскую традыцыю. Гэта ёсьць сатанінскі і антынародны рэжым”. (Карэспандэнт: ) “Скажыце, якія яшчэ арганізацыі, партыі і рухі далучыліся да гэтай акцыі?” (Буйвал: ) “Пакуль мы такіх заявак ня маем. Мы супрацоўнічаем з “Мартыралёгам”. Запрашаем, у прынцыпе, усіх грамадзянаў удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Гэта ж ня ёсьць партыйнае мерапрыемства. Мы проста бярэм на сябе партыйную ініцыятыву, а гэта ёсьць усенародны дзень”. Сказаў прэсавы сакратар грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” Валеры Буйвал. Гэткім чынам, арганізатары абвяшчаюць збор удзельнікаў жалобнага шэсьця 29 кастрычніка а палове на дванаццатую ля гадзіньнікавага заводу. Рух калёны пачнецца роўна апоўдні па праспэкце імя Францішка Скарыны да вуліцы імя Каліноўскага й далей па вуліцы імя Сядых да акружное шашы ў самое курапацкае ўрочышча. Адметнасьцю сёлетняга шэсьця будзе тое, што ягоныя ўдзельнікі апрача традыцыйных жалобных сьвечак ды кветак будуць несьці ў Курапаты крыжы, якія ўсталююць на брацкіх магілах. Крыжы, улучна й тыя, якія ўжо ўсталяваныя там у мінулую суботу, будуць асьвячаць сьвятары традыцыйных у Беларусі хрысьціянскіх канфэсіяў. Да сказанага дадамо, што напярэдадні шэсьця й мітынгу ў Курапатах “Мартыралёг Беларусі” праводзіць там талаку ва добраўпарадкаваньні могільніку і ўсталяваньні крыжоў. Гэткім чынам, будзе працягнутая акцыя ў стварэньні ў Курапатах мэмарыяльнага комплексу “Лес крыжоў”. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |