RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 20 Кастрычніка 2000

Сёньня:



У Менск прыбыў новы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. У аэрапарту ён зрабіў заяву для прэсы, дзе адзначыў, што Злучаныя Штаты лічаць дэмакратычную й незалежную Беларусь ключом да стабільнасьці ў рэгіёне, а ён асабіста рады рэпрэзэнтаваць ЗША ў гістарычны момант для Беларусі, бо наступны год надае ёй магчымасьць вырвацца зь цяперашняй ізаляцыі…

Майкл Козак — ужо чацьверты амэрыканскі амбасадар у незалежнай Беларусі пасьля Дэйвіда Сўорца, Кэнэта Ялавіца й Дэніэла Спэкгарда. Прыляцеўшы з Франкфурту рэгулярным рэйсам “Люфтганзы” разам з жонкаю Эйлін, спадар Козак у аэрапорце “Менск-2” сказаў журналістам:

(Козак: ) “Эйлін і я ў захапленьні ад таго, што мы нарэшце тут. Мы зь нецярпеньнем чакалі гэтае місіі больш як год, і цяпер яна стала рэальнасьцю. Цягам найбліжэйшых месяцаў мы спадзяемся наведаць усе рэгіёны краіны. Для нас магчымасьць служыць у Беларусі — прыемная магчымасьць”,

— заявіў спадар Козак.

Новы амбасадар ЗША ў Менску дадаў, што для яго асабіста праца ў Беларусі будзе спрыяць вывучэньню багатае культуры краіны, якая, паводле ягоных словаў, дала больш, чым можна было меркаваць паводле ейных памераў, усясьветна вядомых мастакоў, пісьменьнікаў, танцоўшчыкаў і, што засьведчыла апошняя Алімпіяда, спартоўцаў. Майкл Козак наважаны больш глыбока вывучаць беларускую гісторыю, што была, на ягоную думку, насычаная як трагічнымі пэрыядамі ўварваньняў і рэпрэсіяў, гэтак і гераічным змаганьнем за свабоду ды чалавечую годнасьць.

Майкл Козак таксама падзякаваў прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану:

(Козак: ) “На прафэсійным узроўні я ўзрушаны тым выклікам, што прэзыдэнт даў нашай камандзе ў амбасадзе. Ва ўсім сьвеце Злучаныя Штаты ўключаныя ў шматбаковае намаганьне прасоўваць дэмакратычнае разьвіцьцё”,

— сказаў амэрыканскі амбасадар. Майкл Козак таксама зазначыў:

(Козак: ) “Злучаныя Штаты лічаць, што дэмакратычная, заможная ды сапраўды незалежная Беларусь — гэта ключ да доўгатэрміновае стабільнасьці гэтага рэгіёну. З гэтае прычыны, а таксама таму, што я хачу ўзмацніць нашае сяброўства, якое нарадзілася з доўгіх сувязяў зь беларускім народам, мы будзем працаваць усімі прымальнымі спосабамі з сябрамі ды хаўрусьнікамі ў Эўропе, з дэмакратычнымі сіламі з усяго палітычнага спэктру ў Беларусі, каб прасоўваць мэту дэмакратычнае, заможнае ды незалежнае Беларусі”.

— заявіў Майкл Козак.

Ён распавёў і пра сваё бачаньне 2001 году ў Беларусі:

(Козак: ) “Год, які надыходзіць, на наш погляд, надае беларусам вырашальную магчымасьць для Беларусі вырвацца зь ейнае цяперашняе ізаляцыі ды ўзьяднацца з заможнай і дэмакратычнаю супольнасьцю нацыяў, што атачаюць яе ў Эўропе. Я рады, што мне даверылі рэпрэзэнтаваць Злучаныя Штаты ў Беларусі ў гэты гістарычны момант, і спадзяюся зрабіць свой унёсак у намаганьні беларускага народу дасягнуць пазытыўнага выніку”,

— сказаў журналістам амбасадар Козак. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні, але выказаў спадзеў на плённую працу з журналістамі ў будучыні.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org