RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 20 Кастрычніка 2000

Сёньня



Кіраўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту зьвярнулася сёньня ў акруговыя й Цэнтральную выбарчую камісіі, а таксама ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем ануляваць вынікі выбараў у дзевяці акругах. Назіральнікі БГК дакумэнтальна зафіксавалі ў гэтых акругах масавыя фальшаваньні.

Назіральнікі Беларускага Гэльсынскага камітэту, якія праводзілі маніторынг парушэньня ўладамі заканадаўства ў ходзе выбараў, пакуль апрацавалі дадзеныя ў дзевяці акругах — трох менскіх, трох магілеўскіх і па адной у Бабруйску, Маладэчне й Салігорску. Ва ўсіх іх яўка выбаршчыкаў не перавысіла 50 адсоткаў.

Паводле словаў галоўнага каардынатара ў справе назіраньня за выбарамі, старшыні БГК Тацяны Процькі, галоўныя віды парушэньняў — наўмыснае завышэньне лічбы ўдзельнікаў галасаваньня, карэктаваньне сьпісаў выбаршчыкаў на ўчастках 15 кастрычніка, махінацыі з вынаснымі скрынямі й гэтак далей.

Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) “Нас непакоіць ня тое, што выбары не адбыліся, хоць гэта зьява прыкрая для любой краіны. А тое, што акруговыя камісіі ў першую чаргу сфальсыфікавалі вынікі гэтага мерапрыемства. Гэта ставіць пад сумнеў і астатнія акругі, дзе ў нас не было поўнага назіраньня, а толькі выбарачнае”.

Паведаміла нашаму радыё спадарыня Процька.

Сёньня дакумэнтальныя сьведчаньні парушэньня выбарчага закону, разам з патрабаваньнем ануляваць вынікі выбараў у вышэйназваных акругах былі накіраваныя ў акруговыя камісіі, ЦВК й Генэральную пракуратуру. Тацяна Процька лічыць, што нягледзячы на малаверагоднасьць адмены вынікаў выбараў, гэты зварот у дзяржаўныя структуры дасьць пэўны плён.

Старшыня Гэльсынскага камітэту працягвае:

(Процька: ) “Паводле існуючага заканадаўства, Пракуратура павінная правесьці праверку. Цэнтарвыбаркам павінен правесьці праверку. І, калі б у нас не было гэтых пратаколаў на руках, тады б, канешне, было цяжэй. Але ў нас ёсьць дадзеныя па кожным выбарчым участку. Тыя дадзеныя, якія нават яны самі абвесьцілі і вывесілі. Хай яны дакажуць, як яны памыліліся, падлічваючы гэтыя галасы. Хай пройдзе крыміналягічная экспэртыза, калі ёсьць разыходжаньні”.

Гэта была Тацяна Процька.

У выпадку, калі ні пракуратура, ні ЦВК не задаволяць патрабаваньняў назіральнікаў, тады, паводле словаў спадарыні Процькі, будзе накіраваная адпаведная заява ў Вярхоўны Суд. Старшыня БГК лічыць, што ў судзе ёй і яе калегам удасца давесьці, што яны маюць рацыю. Тацяна Процька таксама паведаміла, што кожны дакумэнтальна зафіксаваны факт фальшаваньня вынікаў выбараў накіроўваецца ёю ў АБСЭ, Раду Эўропы ды іншыя міжнародныя структуры.

Як паведаміў экспэрт Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Міхал Пліска, у бліжэйшыя дні ў Цэнтральную выбарчую камісію і пракуратуру будуць накіраваныя прапановы ануляваць вынікі галасаваньня яшчэ ў 27 акругах, дзе, на думку сяброў рады, былі зафіксаваныя фальшаваньні.

Тым часам кіраўнік сэктару працы з грамадзянамі й лістамі Цэнтральнае выбарчае камісіі Яўген Аўдзееў паведаміў нашаму радыё, што на сёньняшні дзень у ЦВК ад кандыдатаў у дэпутаты й назіральнікаў ужо паступіла 116 скаргаў пра парушэньні сябрамі камісіяў выбарчага заканадаўства.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org