RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 20 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Першыя спробы асэнсаваць вынікі парлямэнцкіх выбараў зробленыя на штомесячным брыфінгу грамадзкага аб'яднаньня «Беларускія фабрыкі думкі». Абмеркаваньне зноў паказала, што пакуль ў лягеры апазыцыі няма адзінства наконт далейшых дзеяньняў.

“Давайце створым кааліцыйную выбарчую праграму для адзінага кандыдата ў прэзыдэнты і ўжо зараз назавем некалькі магчымых прозьвішчаў”, — гэта адная з тых канкрэтных прапановаў, якая прагучала з вуснаў пачэснага старшыні АГП Станіслава Багаднкевіча.

Багданкевіч, бадай, найбольш актыўна ў сваім выступе заклікаў да найхутчэйшага аб’яднаньня ўсёй апазыцыі і пераходу да канкрэтных практычных дзеяньняў у падрыхтоўцы да вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. А напрыклад, лідэр ПКБ Сяргей Калякін заклікаў правесьці больш лякальную акцыю. “Давайце супольна выбярэм у “Палату прадстаўнікоў” свайго чалавека ў адной зь менскіх акругаў”, — заклікаў Калякін. — “Такім чынам мы пакажам свае здольнасьці й гэта стане рэпэтыцыяй перад прэзыдэнцкай кампаніяй”.

Зрэшты, усё ж на брыфінгу большасьць заўвагаў і прамоваў была зьвернутая пакуль яшчэ не на будучыя прэзыдэнцкія выбары, а на ацэнку парлямэнцкіх, што прайшлі 15 кастрычніка. Па-рознаму ацэньваліся вынікі байкоту, па-рознаму палітыкі ставіліся да лічбаў сацыёлягаў пра колькасьць удзелу ў выбарах. Але фактычна ўсе пагадзіліся з высноваю, што ўлада ня здолела сумленна выйграць выбары, і скарыстала фальшаваньні. Фактар страху ўжо не працуе ў беларускім грамадзтве гэтак, як працаваў яшчэ два ці чатыры гады таму.

Але як гэта выкарыстаць? Як зрабіць так, каб пераўтварыць тыя 53 адсоткі, якія гатовыя сёньня прагаласаваць за кандыдата не ад улады (незалежнага або апазыцыйнага), каб пераўтварыць гэты пратэставы патэнцыял у перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах? Алег Манаеў, кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, лічыць, што найбольшай задачаю сёньня ёсьць пошук паразуменьня паміж палітычнай апазыцыяй і той групаю, якую сацыёлягі назвалі тэрмінам “сацыяльная апазыцыя”. Гэта прыблізна траціна сёньняшняга грамадзтва, людзі, якія не прымаюць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці, не выказваюць публічна свой пратэст, але разам з тым відавочна апазыцыйныя да сёньняшняй улады.

Знайсьці сувязь, камунікацыю, паразуменьне паміж гэтай часткаю грамадзтва й тымі, хто ўжо актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцьці, напэўна, найважнейшая на сёньня мэта для лідэраў апазыцыі, — лічаць сацыёлягі.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org